Багаты і разнастайны свет Марыны Фёдаравай

Главное

8765Іншым разам кажуць, што пастаноўка п’есы — гэта яшчэ палова спяктакля, другая палова ствараецца талентам мастака-афарміцеля. Магчыма, крыху перабольшваюць, але нельга не пагадзіцца з тым, што фантазія мастака-афарміцеля здольна ператварыць сцэну ў сапраўдны твор мастацтва. Неаднойчы даводзілася ў гэтым упэўніцца, захапляючыся цудоўным афармленнем сцэны на разнастайных канцэртах, шоу і спяктаклях, якія праходзяць у РЦК. А стварае гэтую прыгажосць таленавітая мастак-афарміцель Марына Фёдарава.
Вось ужо 10 гадоў яна ажыцяўляе творчыя задумы рэжысёра ўстановы і свае смелыя фантазіі.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўпрыгожыць сцэну — справа нескладаная: прымацаваў палоскі рознакаляровай тканіны, шары, кветкі — і ўсё. Іншым разам і лішняя складка ці кветка можа сапсаваць агульную кампацізыю.
А стварыць дэкарацыі і касцюмы для спектакля наогул вельмі адказна. Трэба зразумець ідэю п’есы, пазнаёміцца з дзеючымі асобамі, убачыць іх характары, пранікнуцца асаблівасцю гістарычнай эпохі, у якой адбываюцца падзеі, адчуць дынаміку, рытм дзеяння. Пры гэтым памятаць, што сцэна павінна дапамагаць акцёрам, быць зручнай для іх руху, валодаць сваім настроем. І без уяўлення, мастацкай фантазіі і таленту тут ніяк не абысціся.
Яшчэ адзін важны аспект у рабоце мастака-афарміцеля — узаемаразуменне з рэжысёрам, менавіта яно ў многім вызначае поспех усяго спектакля. Таму ім так неабходна быць сапраўднымі аднадумцамі.
Як адзначыла М. Фёдарава, ёй у гэтым сэнсе вельмі пашанцавала, бо яна працуе з таленавітым крэатыўным рэжысёрам Яўгенам Набеевым, з якім заўсёды можна знайсці паразуменне.
Несумненна, каб прысвяціць сябе такой творчай прафесіі, трэба з дзяцінсва мець цягу да малявання. Так было і з Марынай.
— Малявала з ранніх гадоў, — узгадвае мастачка, — нават засынала каля сваіх “шэдэўраў”. Пасля заканчэння Мяжанскай сярэдняй школы дзяўчына вырашыла паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча. Родныя адгаворвалі, бо без спецыяльнай падрыхтоўкі складана змагацца з абітурыентамі, за плячама якіх ізастудыі і спецыялізаваныя курсы. Але экзаменацыйная камісія разгледзела талент і патэнцыял дзяўчыны і паставіла ёй высокія адзнакі.
Пасля заканчэння ўстановы малады спецыяліст з энтузіязмам і натхненнем пачала сваю працоўную дзейнасць у Браслаўскім РДК, куды трапіла па накіраванні.
Праца ў культуры патрабуе рознабаковага таленту, адным відам дзейнасці тут не абысціся. Таму выказванне і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц, як нельга найлепей характырызуе працу культработніка.
Вось і Марыне, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, даводзіцца ўдзельнічаць у многіх канцэртах і шоў.
— Калі хочаш праверыць свае сілы, — кажа М. Фёдарава, — ідзі працаваць у культуру.
Талент і навыкі павінны заўсёды развівацца, таму наступнай прыступкай да самаўдасканалення ў дзяўчыны стаў Віцебскі педагагічны ўніверсітэт.
Марына ніколі не спыняецца на адным мастацкім накірунку. Яна смела бярэцца і асвойвае штосьці новае. Нават студэнткай абараняць дыпломную работу ўзялася не па жывапусе, як усе, а па скульптуры. Чым прывяла свайго педагога ў шок.
Аднак упартая і мэтанакіраваня дзяўчына з прагнасцю ўзялася за работу і стварыла цудоўную скульптуру — Німфу, якая зараз упрыгожвае наш горад.
Далёка вядома за межамі нашага краю яшчэ адна знакавая работа таленавітай мастачкі — сімвал Браслаўскіх зарніц кветка васілёк.
Так за ненадта вялікі тэрмін сваёй прафесійнай дзейнасці М. Фёдарава смела заявіла пра сябе як прафесійная таленавітая мастачка.
Несумненна, выдатны майстар той, у каго многа вучняў. Вось і Марына Леонцьеўна з задавальненнем перадае свае веды і навыкі юным аматарам мастацтва ў гуртку пры РЦК, кіраўніком якога з’яўляецца ўжо пяць гадоў. Навучае іх жывапісу, графіцы, скульптуры, раскрывае ўсе тонкасці мастацкай справы. Выдатны педагог, яна здольная запаліць у душах сваіх вучняў любоў да прыгожага, і большасць з іх потым звязваюць сваю прафесійную дзейнасць з мастацтвам.
У вольны час Марына становіцца за мальберт, і на паперы з’яўляюцца цудоўныя пейзажы і вобразы. Цеплыня, спакой вее і ад яе лялек-абярэгаў.
Мастацкі свет М. Фёдарвай настолькі разнастайны і багаты, што дзіву даешся, як ёй на ўсё хапае часу і энергіі. Вось ужо сапраўды, таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.