Стваральная праца будаўніка ва ўсе часы карысталася заслужанай павагай і прызнаннем. Гэта іх рукамі ўзводзяцца жылыя дамы, аднаўляюцца ўстановы і аб’екты сацыяльнага прызначэння, мяняюць сваё аблічча гарады і вёскі. І як не пагадзіцца тут з выказваннем філосафа, што зямлю і чалавека стварыў Бог, а ўсё астатняе — будаўнік.
У ПМК-42 працуе многа добрых спецыялістаў, сапраўдных майстроў сваёй справы. На добрым рахунку у адміністрацыі і вадзіцель крана Яўген Капуста.
— Добрасумленны работнік, — кажа пра свайго падначаленага дырэктар арганізацыі Павел Дзямковіч, — адказны і надзейны чалавек. Калі спатрэбіцца, адпрацуе на аб’екце і ў свой выхадны дзень.
Безумоўна, кіраваць такой машынай справа нялёгкая, патрабуе пільнасці і ўвагі. Як прызнаецца Я. Капуста, заўсёды трэба быць напагатове. Нават калі проста ехаць па вуліцы, асабліва вузкай, і то вадзіцель павінен хутка рэагаваць на магчымыя перашкоды абапал дарогі, каб страла не закранула якое-небудзь дрэва ці дах дома, бо яе даўжыня 14 м.
Майстэрству кранаўшчыка Я. Капуста вучыўся ў Магілёве на спецыяльных курсах, і вось ужо 20 гадоў ён націскае на рычагі складанай машыны.
— Першы год працы, — успамінае вадзіцель, — было цяжкавата, бо пры пад’ёме грузаў машыну значна хістае. А цяпер ужо прызвычаіўся.
Але і сёння строгае выкананне правіл бяспекі працы для кранаўшчыка не пусты гук. Галоўнае — трывала замацаваць апоры, каб кран не перакуліўся. Звычайна прычынай трагедыі становіцца празмерная саманадзейнасць вадзіцеля. Многім здаецца, што катастрофы менавіта з ім не адбудзецца і часам падымае груз значна цяжэйшы, чым дазваляе ўстаноўлены нарматыў. А з Яўгенам за 20 гадоў працы аварыі не здарылася. Немалаважны фактар у бяспецы працы і дакладныя каманды стропальшчыка.
Некалькі рэзкіх рухаў рычагамі, і металічная канструкцыя ўзнімае ўвысь груз вагой 7-8 т, а затым яго трэба дакладна апусціць на патрэбнае месца. Ад дакладнасці дзеянняў часта залежыць жыццё людзей і трываласць аб’екта. Таму рухі кранаўшчыка павінны быць упэўненымі, а розум ясным.
Рабочае месца Я. Капусты — маленькая, нязручная кабіна, утульнасці тут не стварыць, асабліва зімой ці пры моцных парывах ветру. Прадзімае капітальна, ды ў маразы і акенцы ў ёй замярзаюць. Але знаходлівы кранаўшчык знайшоў выйсце з гэтай сітуацыі — запальвае свечку пад дахам кабіны, так і ратуецца ад марознай наледзі.
На маё пытанне, ці магчыма грузам закрыць запалкавую скрыню, суразмоўца ўсміхнуўся і адказаў, што такія прафесіяналы ёсць, хоць сам ніколі не спрабаваў. Але гледзячы на прыемнага, ураўнаважанага вадзіцеля, мне здаецца, яго адточаныя за столькі гадоў рухі з лёгкасцю зробяць гэта.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.