Сырароб-майстар Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК Леангіна Канавалава — работнік вопытны і надзейны.
Свой прафесійны шлях у малочнай вытворчасці яна пачала 16 гадоў таму назад. За гэты час жанчыне давялося зведаць нюансы вырабу тварагу і масла, працавала яна аператарам вытворчай закваскі і прыёмшчыцай малака. А калі на малаказаводзе адкрылі сырны цэх, перайшла туды і хутка стала сапраўдным майстрам сырных спраў.
Зразумела, колькасць прадукцыі была не надта вялікая: усяго 2 т у суткі, але рабіць усё прыходзілася ўручную. Гэта ж колькі галовак сыру вагой амаль па 8 кг даводзілася перанесці, перавярнуць, скласці ў скрыні.
Пасля рэканструкцыі завод стаў сучасным, аўтаматызаваным і прыгожым прадпрыемствам. А з новым абсталяваннем, зразумела, павялічыліся аб’ёмы і віды прадукцыі.
— Таму, — кажа Леангіна Эдуардаўна, — як заступіш на змену, дык сыр з рук і не выпускаеш.
Зараз Л. Канавалава працуе на адказным участку. Хоць трэба адзначыць, што ў сырнай, як і ў любой іншай вытворчасці, увесь працэс патрабуе ўвагі і сумленных адносін работнікаў.
Спачатку пад яе пільным наглядам чарговая партыя прадукцыі паступае з салільнага аддзялення на лінію ўпакоўкі, дзе кожная галава ці брус сыру “апранаецца” ў рознакаляровае “адзенне”. А затым паступае ў вялізныя камеры выспявання. Вось тут некалькі сутак сыр, як тое малое дзіця, даглядаюць, пераварочваюць, каб духмяны малочны прадукт не згубіў сваіх смакавых якасцей і меў эстэтычны выгляд. Важным фактарам у гэтым працэсе з’яўляецца таксама тэмпература і вільготнасць у памяшканні. Таму Л. Канавалавай даводзіцца не аднойчы за змену сачыць за гэтымі паказчыкамі.
І толькі пасля скрупулёзнай праверкі супрацоўнікаў вытворчай лабараторыі разам з майстрам прадукцыя завода трапляе да пакупніка.
З даўніх часоў якасць сыру вызначалі па кропельках на яго “вочках” — гэта самы дакладны барометр якасці. І на браслаўскім прадпрыемстве робіцца ўсё, каб стрэлка гэтага барометра не спаўзла ўніз. Значны ўклад у агульную справу ўносіць сваёй добрасумленнай працай і сырароб-майстар Л. Канавалава. Таму не дзіўна, што па выніках работы за мінулы год яна прызнана лепшым работнікам прамысловасці.
Акрамя выдатных прафесійных якасцей, яна вельмі прыветлівая, добразычлівая і адначасова патрабавальная да сябе і сваіх падначаленых. Да таго ж, адзначыла начальнік вытворчага цэха Вольга Даргель, Леангіна Эдуардаўна адказная, калі трэба, застанецца і пасля змены, прыйдзе праверыць участак вытворчасці і ў свой выхадны.
— Менавіта на такіх вопытных людзях, — дадаў дырэктар малаказавода Віталь Далжэнка, — і трымаецца наша вытворчасць, дзякуючы іх намаганням, колькасць узнагарод розных узроўняў за выпускаемую прадукцыю нязменна расце.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.