Лета — цудоўная пара. А вось дзеткам-выпускнікам дашкольных устаноў крыху сумна, бо яны развітваюцца са сваімі першымі сябрамі, добрымі выхавальнікамі, якіх не аднойчы называлі маці.
Усхваляванымі прыйшлі раніцай і выпускнікі Богінскага дзіцячага сада — базавай школы. Амаль месяц яны рыхтаваліся да свайго развітальнага свята “Бывай, дзіцячы садок!”. Развучвалі песні і танцы, вершы і сцэнкі са сваімі выхавальнікамі.
І вось гэты дзень настаў. Групавы пакой упрыгожылі кветкамі, рознакаляровымі паветранымі шарыкамі. Гучала музыка, чуліся дзіцячыя галасы. Пачалі збірацца госці і бацькі.
З крыху сумнымі вачамі будучыя першакласнікі ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, уважліва слухалі віншаванні бацькоў, малодшых сяброў, цёплыя і шчырыя словы выхавальнікаў Кацярыны Рацьковай і Кацярыны Ванага, прымалі падарункі. У сваю чаргу і выпускнікі выказалі словы ўдзячнасці ўсім работнікам дзіцячага садка.
Завіталі на наша свята Школьны Званок і Фотакарэспандэнт. Праз забаўляльныя конкурсы і віктарыны яны ўпэўніліся, што дзеці добра падрыхтаваліся да школы, разам зазірнулі ў будучыню. Так, Уладзіслаў Бальс марыць стаць міліцыянерам, каб сачыць за парадкам, а Вадзім Кейна — ратаваць людзей і дамы ад пажараў. Аляксей Латышаў будзе прыбіраць вуліцы ад смецця і наводзіць чысціню. Дар’я Пяткун хоча стаць балерынай, умела танцаваць на пальчыках і насіць прыгожыя сукенкі. А Мацвей Латышаў упэўнены, што лепшая прафесія — гэта ветэрынар, бо жывёл трэба любіць і лячыць. Няхай жа збудуцца ўсе мары нашых дзетак!
На заканчэнне свята бацькі падрыхтавалі прыемны сюрпрыз. Маці выпускніцы Дар’і Пяткун спякла торт. Не торт, а шэдэўр! Ад яго нельга было адарваць вачэй.
Потым яшчэ раз прагучаў школьны званок, і будучыя першакласнікі развіталіся з дзіцячым садком.
Госці разыходзіліся з добрым настроем. Выпускнікі дзіцячага садка парадавалі сваім выступленнем.
Святлана Куцюн,
выхавальнік рознаўзроставай групы.