Складанай працы не баіцца

Главное

Складанай працы не баіццаУ адных арганізацыях маладыя спецыялісты пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі хутчэй звальняюцца, а вось у іншых, наадварот, з задавальненнем застаюцца. Гэта залежыць ад таго, як кіраўніцтва ставіцца да новых кадраў. У ААТ “Агравідзы”, напрыклад, ім дапамагаюць з жыллём, матэрыяльна і маральна падтрымліваюць. Магчыма, таму тут ахвотна працуюць столькі маладых хлопцаў і дзяўчат.
У мінулым годзе калектыў таварыства таксама папоўніўся новымі кадрамі, сярод якіх і бухгалтар Наталля Яшкіна.
— Наталля — ветлівая, старанная і акуратная дзяўчына. З адказнасцю адносіцца да любой даручанай ёй справы. Хоць і працуе ў нас зусім мала часу, з красавіка мінулага года, але і гэтага было дастаткова, каб сваёй добразычлівасцю, працавітасцю заваяваць аўтарытэт і павагу іншых членаў нашага нешматлікага калектыву, — гаворыць галоўны эканаміст ААТ “Агравідзы” Рыта Кавалёва.
Такія ж водгукі пра маладога спецыяліста пачула і ад астатніх калег. У адзін голас яны хвалілі дзяўчыну, адзначалі, што яна адказная, стараецца на сваім месцы, а калі трэба, то і іншым дапамагае.
Звычайна кажуць, што бухгалтар — прафесія сумная, для Наталлі ж лічбы — гэта цікава. У яе ўласны погляд на такі няпросты занятак, які яна выбрала па прызванні. Яшчэ са школы настаўнікі і бацькі заўважалі ў дзяўчыны здольнасці да дакладных навук. Канчаткова вызначыцца з будучай спецыяльнасцю дапамагла маці Таісія Кляменцьеўна. Яна шмат гадоў працуе бухгалтарам у ААТ “Агравідзы”, параіла пайсці па сваіх слядах і дачцэ.
Год таму назад дзяўчына скончыла Пастаўскі каледж, і калі прыйшоў час размеркавання, папрасілася ў родны раён, у добра вядомае па расказах маці акцыянернае таварыства “Агравідзы”.
Малады спецыяліст з першых дзён працы зарэкамендавала сябе з лепшага боку, таму яе прызначылі адказнай за налічэнне заробку, рэалізацыю і выручку. Прызнаецца, што гэта на першы погляд здаецца, што бухгалтар працуе толькі з лічбамі. На самай справе за імі хаваецца дзейнасць кожнага работніка і ўсяго калектыву.
— Зразумела, першым часам многага не ведала. Але мяне не пакінулі сам-насам з усімі праблемамі. Заўсёды адчуваю дапамогу і падтрымку галоўнага бухгалтара Святланы Міхнюк, яе намесніка Галіны Салавей і іншых. Таму брацца за чарговую справаздачу ці іншую складаную справу не баюся. Заўсёды ведаю, што калі нешта не зразумею, мне дапамогуць старэйшыя калегі, — расказвае Наталля.
Каб удасканаліць свае веды, дзяўчына адразу пасля каледжа паступіла ў Полацкі ўніверсітэт. Цяпер вольны ад працы час, а яго не так і шмат, яна аддае вучобе, а таксама вывучае літаратуру па спецыяльнасці ці дапамагае па гаспадарцы маці. Галоўным Наталля лічыць тое, што знайшла занятак па душы, не памылілася ў выбары прафесіі і свайго першага месца працы.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.