Здача ягад, лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, непатрэбнай макулатуры, металалому, а цяпер яшчэ і старой бытавой тэхнікі — дадатковая крыніца папаўнення сямейнага бюджэту. Вось і падчас чарговай паездкі ў Відзы звярнула ўвагу на тое, што ля магазіна сустрэчнага продажу пастаянна знаходзяцца людзі, пад’язджаюць аўтамашыны. У прадаўца Марыны Чаркасавай пацікавілася, як ідуць справы, што прыносяць мясцовыя жыхары.
— Зараз людзі нясуць ягады: чарніцы, парэчкі. Пачалі здаваць цыбулю. Спадзяюся, што хутка пачнуць прыносіць бульбу, капусту і іншую гародніну з прысядзібных участкаў. З людзьмі разлічваемся грашамі, некаторыя аддаюць перавагу прадуктам, гаспадарчым таварам. Ахвотна бяруць цукар, і гэта зразумела, бо гаспадыні займаюцца нарыхтоўкамі.
У адным з падсобных памяшканняў ужо стаялі ёмістасці, напоўненыя чырвонымі парэчкамі і суніцамі. Хутка яны адправяцца на перапрацоўку ў Шаркаўшчыну. У іншых памяшканнях была састаўлена бытавая тэхніка, ляжалі нават сапсаваныя мабільныя тэлефоны і іншыя непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Бачна, што людзі карыстаюцца і такой магчымасцю папоўніць сямейны кашалёк.
Ад’язджаючы ад магазіна, заўважыла дзвюх дзяўчынак, якія з невялікімі вядзёркамі ягад спяшаліся ў магазін. Што ж, пагадзіцеся, дзецям таксама можна зарабіць на прысмакі.
Алена Набеева.
Фота Вольгі Патаповіч.