Аплата штрафаў — праз плацежныя тэрміналы

Главное

Аплата штрафаўДзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці пачала выкарыстоўваць плацежныя тэрміналы для спрашчэння і паскарэння працэдуры аплаты штрафу з дапамогай банкаўскіх картак.
На сённяшні дзень 50 сучасных плацежных тэрміналаў з 23 ліпеня ўстаноўлены і выкарыстоўваюцца экіпажамі патрульных аўтамабіляў ДАІ на тэрыторыі вобласці. У буйныя гарады перададзена па некалькі тэрміналаў. Так што цяпер аплату штрафных квітанцый за нязначныя парушэнні Правілаў дарожнага руху можна здзейсніць нават на трасе, калі ў вадзіцеля няма пры сабе наяўных, але ёсць банкаўская плацежная картка.
Першы вопыт выкарыстання тэрміналаў у Брэсце (з 2014 года) паказаў іх зручнасць і эфектыўнасць. Віцебская вобласць стала другой, дзе будзе ўжывацца безнаяўны разлік па картцы пры аплаце штрафу. Прычым сучасныя тэрміналы працуюць з шырокім спектрам картак ад розных банкаў. GPS-сувязь у іх стабільная, так што збояў у працы быць не павінна. Пакуль не ўсе патрульныя аўтамабілі аснашчаны тэрміналамі, але ў перспектыве апараты будуць дакупляць і ўсталёўваць на астатнія машыны. Праўда, у выпадку складання пратаколу вадзіцелю па-ранейшаму неабходна з’яўляцца на камісію па разглядзе адміністрацыйных парушэнняў па лініі ДАІ, якая прызначае пакаранне.
Супрацоўнікі АДАІ Браслаўскага РАУС не засталіся ў баку ад новаўвядзення і таксама далучыліся да прагрэсіўнага спосабу спагнання штрафаў. Старшы дзяржаўтаінспектар ДПС Юрый Лаўрыновіч (на здымку) прайшоў навучанне ў абласным упраўленні і ў сваю чаргу правёў адпаведныя заняткі са сваімі калегамі. Зараз экіпаж патрульнага аўтамабіля ДАІ выязджае на змену з плацежным тэрміналам, які дзейнічае ў зоне мабільнай сувязі. Другі апарат знаходзіцца ў будынку РАУС, і аплаціць штраф можна на месцы.
Як расказаў Юрый Лаўрыновіч, пры аплаце тэрмінал выдае два чэкі: адзін — супрацоўніку ДАІ для банкаўскай справаздачы, другі — парушальніку. У выпадку памылкi інспектар можа ажыццявіць вяртанне грашовых сродкаў на картку на працягу сваёй працоўнай змены. Дарэчы, карткай можна аплаціць і страхоўку.
Выкарыстанне плацежных тэрміналаў значна скарачае час працэдуры аплаты штрафу. Да таго ж аўтаўладальнікам можна цяпер не залежаць ад раскладу працы банкаў, не трэба стаяць там у вялізнай чарзе, як і чакаць вяртання вадзіцельскага пасведчання. Немалаважны і той факт, што пры ажыццяўленні безнаяўных аперацый не бярэцца банкаўская камісія.
Паколькі да аплаты прымаюцца карткі айчыннай плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ і міжнародных плацежных сістэм MasterCard, Visa, замежныя госці таксама могуць скарыстацца новай магчымасцю. У панядзелак давялося пабачыць, як супрацоўнікі АДАІ Браслаўскага РАУС спынілі аўтамабіль з расійскімі нумарамі, вадзіцель якога не прышпіліў рэмень бяспекі. Малады чалавек, які не быў заўважаны раней у правапарушэннях на тэрыторыі нашай краіны, атрымаў мінімальнае пакаранне і быў прыемна здзіўлены, што штраф можна аплаціць карткай на месцы, а інспектар ДПС у сваю чаргу затраціў толькі некалькі хвілін на афармленне.
Відавочна, што выкарыстанне плацежных тэрміналаў зручна як для вадзіцеляў, так і для супрацоўнікаў ДАІ.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.