Там зачароўвае клёкат буслоў і цішыня вясковых ранкаў

Новости

УстьеБраслаўшчыну нездарма называюць беларускай Швейцарыяй. Блакітнае раздолле азёр, светлыя сасновыя бары, квітнеючыя лугі, маляўнічыя вёсачкі па берагах азёр, упрыгожаныя шпілямі старадаўніх храмаў, прывабныя турыстычныя базы і стаянкі нацыянальнага парка, чыстае паветра, напоўненае водарам траў, — усё гэта наш родны край. Сярод 600 населеных пунктаў, што размяшчаюцца на тэрыторыі Браслаўскага раёна, і невялічкая вёска Вусце. Сёння гэта прыгожае мястэчка на вытоцы Друйкі. Вёску акружаюць непаўторныя прыродныя ландшафты. Гараджан і шматлікіх гасцей яна прыцягвае сюды з розных куткоў нашай сінявокай Беларусі, Расіі, Украіны, іншых краін сунічнымі і грыбнымі месцамі, цудоўнымі веснавымі спевамі салаўёў і клёкатам буслоў, цішынёй вясковых ранкаў, водарам траў летам і яблыкаў восенню.
І вось ужо трэці год запар менавіта ў гэтай вёсцы ладзяцца “Вусцянскія музычныя вечары”. Іх арганізатарамі з’яўляюцца Слабодкаўскі сельскі Савет дэпутатаў і сям’я Жэрко, якія маюць у Вусці дзве аграэкасядзібы – “У Барысавіча” і “Вусце LIFE”.
Увогуле хочацца адзначыць, што з мясцовых жыхароў тут жыве не больш за трыццаць чалавек. Але летам, асабліва ў той дзень, калі ладзіцца свята вёскі, сюды прыязджаюць іх дзеці, унукі, знаёмыя і сябры. Так было і 18 ліпеня.
Пачалося ўрачыстае мерапрыемства з уручэння каравая і сувеніраў старшыні Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Станіславу Кяпсню. Кіраўнік мясцовага сельвыканкама выказаў шчырую падзяку сям’і Жэрко за падтрымку ў навядзенні парадку на зямлі, бо менавіта з іх удзелам добраўпарадкаваны бераг возера Недрава, за тое, што Уладзімір Барысавіч і Юрый Уладзіміравіч не застаюцца ў баку ад тых праблем, якія сёння існуюць на вёсцы, а, чым могуць, дапамагаюць іх вырашаць.
Сцэнарый свята вёскі можна падзяліць на некалькі частак. Афіцыйная датычылася юбілейных дат. Гэта ў першую чаргу 70-годдзе Вялікай Перамогі. Вёска Вусце была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 13 ліпеня 1944 года. Ахвярамі той страшнай вайны сталі і жыхары Вусця.
Памяць іх была ўшанавана хвілінай маўчання.
Сёлета нашаму гораду споўнілася 950 гадоў з дня яго заснавання. Арганізатары свята прадумалі, як адзначыць і гэтую дату. Нікога не пакінула раўнадушным “Легенда пра Браслаў” у выкананні прафесійнай анімацыйнай групы “Майстэрні ўражанняў” з Мінска.
Зноў жа ўзгадваліся такія юбілейныя даты, як 75-годдзе з часу заснавання Браслаўскага раёна, 55-годдзе яго ўваходу ў склад Віцебскай вобласці.
Асобна хочацца сказаць пра шматлікіх гасцей, якія прысутнічалі на “Вусцянскіх музычных вечарах”. Сваімі песнямі радаваў прысутных кампазітар, выканаўца, паэт, музыкант, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, дыпламант Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза фонду культуры Аляксей Скрыпнік. У яго выкананні песні пра Беларусь, вёску Слабодка, дзе ён адпачывае ўжо не адзін год, шчыра краналі душу.
Паэтэса з Мінска Наталля Ганчарова таксама прыехала на свята вёскі са сваімі творчымі падарункамі. Гэта былі яе вершы пра Вялікую Айчынную вайну, новыя вершаваныя творы.
Нельга не ўзгадаць і пра вядомую ўсім групу Зюзі Паазерскага. І хоць у нас цяпер лета, Зюзя парадаваў усіх сваімі жартамі, весялосцю і шчырай адкрытасцю душы.
Вясёлы і бадзёры настрой гасцей свята падтрымліваўся ансамблем народнай песні Раённага цэнтра культуры “На панадворку”. Выдатнае выканаўчае майстэрства  кіраўніка Марыны Шыркевіч, салістаў Аляксандры Раманскай, Валянціны Кука, Пятра Кухаронка, Рамана Гембіцкага, Аляксандра Спургяша стварыла такі настрой, што амаль ніхто з прысутных на гэтым свяце вёскі не мог утрымацца, каб не пусціцца ў скокі.
На “Вусцянскіх музычных вечарах” працавалі гандлёвыя рады. Тут усіх частавалі духмянай юшкай, працаваў горад рамеснікаў, дзе можна было прайсці майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, рабоце з саломкай, вырабе кветак з паперы, дэкупажы.
Самыя ж смелыя маглі пракаціцца па рацэ Друйцы з ветрыкам на катары.
Словам, сёлета свята вёскі Вусце набыло больш маштабны варыянт. І правільна сказаў у сваім прывітальным слове старшыня Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Станіслаў Кяпсня, калі людзям падабаюцца такія святы, іх трэба абавязкова ладзіць.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.