Міжпарафіяльная пілігрымка

Новости

Міжпарафіяльная пілігрымкаНа мінулым тыдні жыццё каталіцкай парафіі аграгарадка Опса было насычана падзеямі. А ўсё таму, што тут прымалі ўдзельнікаў чацвёртай міжпарафіяльнай пілігрымкі-спаткання. У гэтым годзе яна прайшла пад дэвізам “Ніхто не можа верыць сам” і сабрала гасцей з парафій нашага і суседніх раёнаў.
Такая пілігрымка-спатканне адбылася ў рамках дзеючай праграмы “Новае аблічча парафіі”. Яна адзіная ў нашай краіне і аб’ядноўвае вернікаў 6 парафій з Пастаў, Глыбокага, Далёкіх, Опсы, Лынтупаў і Празарокаў. Дзейнічае праграма не першы год, а сутнасць яе ў тым, што, акрамя святароў, актыўны ўдзел у жыцці касцёла, планаванні, падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў прымаюць парафіяне. Усё гэта ладзіцца для таго, каб аб’яднаць вернікаў у адзінае цэлае, супольнасць, якая будзе развіваць жыццё касцёла.
Пачалася праграма “Новае аблічча парафіі” ў 2003 годзе ў Паставах. Вернікі не раз ездзілі абменьвацца вопытам у Польшчу, дзе падобныя праграмы існуюць даўно. А потым сталі ўвасабляць яе і ў Беларусі. З цягам часу сюды ўключыліся Лынтупы і Празарокі, Глыбокае, а таксама парафіі з Далёкіх і Опсы.
Традыцыйна кожны год з дазволу біскупа Віцебскай дыяцэзіі пілігрымы сустракаюцца ў адной з парафій. У 2013 годзе гэта былі Паставы, у мінулым — Далёкія, а сёлета гасцей прымалі ў аграгарадку Опса. Менавіта тут год захоўваліся крыж і Біблія — сімвалы, што перадаюцца парафіі, якая ў наступным годзе будзе прымаць пілігрымаў.
Пілігрымка-спатканне працягвалася два дні. У першы гасцей ветліва сустракалі ў касцёле, а потым прадстаўнікі парафій дзяліліся тым, як прайшоў год з часу папярэдняй пілігрымкі, якія падзеі адбыліся ў іх жыцці, што ўдалося, а што не. Кожная парафія падрыхтавала стэнды з інфармацыяй і фотаздымкамі. А каб госці больш даведаліся пра мясціны, якія гасцінна іх прымалі, правялі мастацка-гістарычны экскурс, расказалі пра гісторыю аграгарадка, яго значныя даты і падзеі, славутасці, знакамітых землякоў, а потым заклікалі разам заспяваць знакаміты “Опсаўскі вальс”. Скончыўся ж першы дзень супольнай малітвай пілігрымаў і парафіян касцёла, а на памяць кожны з іх атрымаў буклет з гісторыяй Опсаўскага касцёла святога Яна Хрысціцеля.
Яшчэ больш насычаным на падзеі стаў другі дзень пілігрымкі-спаткання. Пачаўся ён з братэрскай сустрэчы трох груп. У кожнай з іх былі прадстаўнікі розных парафій, якія разважалі, як павінен жыць сапраўдны вернік, дзяліліся меркаваннямі па тэме “Хто дапамог прыйсці да веры?”. Разам яны шукалі адказы на пытанні, чаму ў людзей ўзнікаюць недахопы ў веры, як яны праяўляюцца і ці магчыма іх выкараніць. І ўсе прыходзілі да высновы, што нельга верыць у адзіноце, вера з’яўляецца толькі ў супольнасці. Увогуле ж сустрэчы былі напоўнены спевамі, сумеснымі малітвамі, чытаннямі. А ксёндз дэкан Анджэй Возняк з Пастаў пагутарыў з удзельнікамі сустрэчы і парафіянамі касцёла на тэму святасці.
Галоўнай падзеяй гэтых двух дзён для гасцей і мясцовых жыхароў стаў удзел у святой імшы, якую ўзначаліў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Ён спецыяльна прыехаў, каб павітаць удзельнікаў пілігрымкі, сустрэцца з імі і пагутарыць пра жыццё парафій.
Скончылася ж пілігрымка-спатканне сумеснай песняй “Малюся за цябе, Беларусь”, якую, узяўшыся за рукі, выконвалі ўсе прысутныя. Чарговая, юбілейная, міжпарафіяльная пілігрымка ў наступным годзе збярэ вернікаў у Лынтупах. Туды і былі перададзены падчас імшы пераходныя сімвалы — крыж і Біблія.

Таццяна Пятушка.