Браслаўчане на “Славянскім базары”

Главное Новости

Калі жыхару замежнай дзяржавы задаць пытанне, з чым у яго асацыіруецца Беларусь, можна пачуць мноства самых разнастайных адказаў. Але сярод варыянтаў абавязкова будзе “Славянскі базар у Віцебску”, бо міжнародны фестываль мастацтваў даўно стаў своеасаблівай візіткай нашай краіны.
Тыдзень Віцебск жыве яскравым святам. Здаецца, толькі ўчора было ўрачыстае яго адкрыццё, а ўжо раздалі ўсе прызы і дыпломы, прагучалі фінальныя фанфары. Засталіся толькі ўспаміны і ўражанні пра цудоўны фестываль. Пра ўдзел у ім браслаўскай дэлегацыі карэспандэнту райгазеты Алене Пятушка расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Котава:
— Традыцыя прадстаўляць усе раёны Віцебшчыны на “Славянскім базары” існуе даўно. Несумненна, гэта місія пачэсная, але і вельмі адказная. Тым не менш браслаўчане з годнасцю прадэманстравалі сінявокую Браслаўшчыну перад дзясяткамі тысяч гасцей фестывалю.
Шматлікія дзівосы заўсёды можна ўбачыць у традыцыйным “Горадзе майстроў”, дзе народныя ўмельцы не толькі з Беларусі, а і з суседніх краін прапаноўваюць вырабы з разнастайных матэрыялаў, нават самых непрадказальных.
У гэтым незвычайным горадзе “жылі” і майстры народнага клуба “Ля возера” пад кіраўніцтвам Наталлі Парахневіч. Браслаўскія ўмельцы прывезлі ў фестывальны горад свае цудоўныя работы, якія вельмі цікавілі і захаплялі прахожых і пакупнікоў.
Добрыя, прыветлівыя лялькі нашых майстроў па рукадзеллі таксама прыцягвалі ўвагу гасцей фестывалю.
Творчы калектыў Відзаўскага пасялковага Дома культуры пад кіраўніцтвам Ганны Павініч удзельнічаў у свяце “Ручнік як лёс”, падчас якога на плошчы Свабоды артысты прадставілі традыцыйныя ручнікі Браслаўшчыны — віленскія, стараверскія і сучасныя, якія ім прадаставілі супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры. Самы прыгожы быў уплецены ў агульны вялікі ручнік Віцебскай вобласці. Так часцінка браслаўскага каларыту засталася на Прыдзвінні.
Дарэчы, за сваё ўдалае выступленне відзаўчане атрымалі дыплом “За адраджэнне народных традыцый”.
На адной з вуліц фестывальнага горада артысты батлеечных тэатраў паказвалі прахожым цікавыя лялечныя прадстаўленні. Прыемна адзначыць, што браслаўскія батлеечнікі выступалі разам з самымі знакамітымі вулічнымі тэатрамі.
Вельмі здзівіла і ўразіла гледачоў выступленне народнага ансамбля песні “На панадворку” пад кіраўніцтвам Марыны Шыркевіч, які ўдзельнічаў у свяце песні і музыкі “А музыкі граюць, граюць”. Браслаўскія артысты спявалі акапэльна на пяць галасоў, выканалі папуры народных песень і вярнуліся дадому з дыпломам. Пасля гэтага невялікага канцэрта да іх падыходзілі захопленыя слухачы і выказвалі свае ўзрушаныя пачуцці.
У апошні дзень фестывалю народны тэатр гульні “Лёлі” на свяце-конкурсе “Вясёлкавы карагод” прадставіў новую праграму “Браслаўскія рыбачкі”. Паглядзець і паслухаць завадных вясёлых браслаўчанак народу сабралася шмат. Многія жадаючыя, нягледзячы на тое, што былі абліты вадой, з задавальненнем праходзілі гумарыстычны абрад пасвячэння ў браслаўскія рыбакі. З запалам віцябчане і замежныя госці ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах. А яшчэ больш ім спадабаліся падарункі ад браслаўскіх рыбачак — вяленыя карасі, шчупакі і гусцёркі. На развітанне гледачы абяцалі абавязкова прыехаць да нас на адпачынак.
Але самым значным для нашага рэгіёну быў удзел у конкурсе раённых падворкаў. Прыгожую Браслаўшчыну наша шматлікая дэлегацыя прадстаўляла ў апошні дзень фестывалю на плошчы Свабоды.
Імправізаванае падвор’е нашага краю, дзе каля ўваходу гасцей ветліва сустракалі князь Брас і княгіня Дзвіна, змяшчала тры пляцоўкі, аб’яднаныя адной тэматыкай — “У адпачынку ёсць імя — Браслаўскія азёры”.
На першай — “Браслаў фестывальны”, якой ведала загадчык музея традыцыйнай культуры Эла Зінкевіч, разгарнулася выстава карцін “Легенды Браслава” мастака Яна Рыдзікі і выстава-продаж сярэднявечных рамёстваў і вырабаў, выкананых па старадаўняй тэхналогіі. Тут жа супрацоўнікі музея, апранутыя ў старажытныя касцюмы, дэманстравалі майстар-класы па ткацтве, валянні воўны, работы з бяростай, што прыцягвала асаблівую ўвагу замежных гасцей.
Пляцоўка “Браслаў турыстычны”, арганізаваная нацпаркам, УП “Браслаўскія азёры”, аддзелам адукацыі, спорту і турызму разам з аграсядзібамі раёна, уяўляла вугалок сучаснага турыста, дзе дзяўчаты ў беларускіх строях частавалі жадаючых вадой з Окменіцы, гарбатай з розных траў і натуральным мёдам.
Які ж фестываль ці адпачынак без гасціннасці і хлебасольнасці браслаўчан? Менавіта гэтым рысам характару жыхароў нашага краю і была прысвечана трэцяя пляцоўка, дзе праходзіла дэгустацыя прадукцыі раённых прадпрыемстваў.
З самай раніцы на нашым падвор’і гучалі песні, жарты, смех, праходзілі вясёлыя конкурсы і атракцыёны. Жадаючыя фатаграфаваліся з роставымі цікавымі лялькамі.
Брэнд нашага рэгіёну на галоўнай пляцоўцы абараняў народны тэатр РЦК пастаноўкай рэжысёра Яўгена Набеева “Легенда пра Браслаў”.
Як адзіная дружная сям’я браслаўчане, нягледзячы на ўжо традыцыйныя фестывальныя дажджы, з годнасцю прадставілі наш рэгіён, таму атрымалі высокую ацэнку афіцыйнай дэлегацыі фестывалю.