Спаборнічалі юныя выратавальнікі

Новости

IMG_7304 (Medium)Раённы злёт юных выратавальнікаў прайшоў у мінулы чацвер на базе другой гарадской школы. Мерапрыемства, якое, дарэчы, з гэтага года будзе ладзіцца рэгулярна, ініцыіравана раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і было праведзена пры падтрымцы аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкама БРСМ. Яго мэта — папулярызацыя руху юных выратавальнікаў, прывіццё школьнікам культуры бяспечнай жыццядзейнасці, прыцягненне ўвагі грамадскасці да справы папярэджвання пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.
Удзельнікамі злёту былі тры каманды па 15 чалавек з двух гарадскіх сярэдніх школ і гімназіі. А самі спаборніцтвы нагадвалі вядомую многім гульню “Зарніцы”. Яно і зразумела: у справе выратавання таксама вялікую ролю адыгрываюць дысцыпліна, вытрымка, выдатная фізічная падрыхтоўка і добрыя тэарэтычныя веды. Таму іспыты, падрыхтаваныя арганізатарамі, у першую чаргу былі накіраваныя на выяўленне мацнейшага менавіта ў гэтых аспектах.
У конкурсе візітак юныя выратавальнікі прэзентавалі загадзя падрыхтаваныя праграмы на тэму “Жыццё без небяспечнасцей”, дэманстравалі страявую і агульную фізічную падрыхтоўку, падчас тэарэтычнага этапа адказвалі на пытанні спецыялізаваных тэстаў. І кожны іх крок скрупулёзна адсочвалі і фіксавалі члены журы, сярод якіх, вядома, былі і афіцэры МНС. Прычым варта адзначыць, што незалежна ад віду іспытаў дзяўчынкі годна прадстаўлялі сваю каманду нараўне з хлопцамі.
Як і трэба ў падобных спаборніцтвах, у выніку шчыльнай барацьбы быў выяўлены мацнейшы. Ім стала каманда Браслаўскай сярэдняй школы №1. Другое месца (з прычыны роўнай колькасці набраных балаў) падзялілі паміж сабой каманды другой школы і гімназіі. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і прызы, а таксама замацавалі свае веды і навыкі ў справе папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Як адзначыў інспектар РАНС Яўген Пяткевіч, падагульваючы вынікі мерапрыемства, такія злёты будуць праходзіць кожны год. Прычым за раённымі этапамі будуць ладзіцца рэгіянальныя і абласныя.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.