Набліжаецца значная падзея – 70-годдзе Вялікай Перамогі. І гэта тая нагода, каб у чарговы раз прыгадаць на старонках газеты пра людзей, якія былі непасрэднымі сведкамі і ўдзельнікамі барацьбы з фашыстамі, змагаліся за наша сённяшняе мірнае неба над галавой.
Жыхар вёскі Слабодка Аляксандр Ільіч Ракаў з той кагорты. Сёлета яму спаўняецца 90 гадоў. Але нават у такім паважаным узросце Аляксандр Ільіч памятае эпізоды свайго жыцця да падрабязнасцей.
Нарадзіўся і жыў на Смаленшчыне. У сям’і Ракавых было васьмёра дзяцей – 5 сыноў і тры дачкі. Як толькі пачалася вайна, старэйшы брат Уладзімір пайшоў на фронт ваяваць з ворагам. Пазней трапіў на вайну і брат Аляксей. Сам жа Аляксандр Ільіч быў прызваны на ваенную службу з Ярцаўскага ваенкамата Смаленскай вобласці ў 1943 годзе. Яму давялося служыць у асобным ахоўным батальёне і ахоўваць палонных немцаў. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.
А. Ракаў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”, шматлікімі юбілейнымі медалямі.
Калі вярнуўся пасля вайны дамоў, даведаўся, што маці з дзецьмі была вывезена немцамі ў Беларусь. Потым ужо суседзі падказалі, што жывуць Ракавы на Браслаўшчыне. Прыехаў да сям’і і Аляксандр.
Жыццё, як і ва ўсіх пасля вайны, было нялёгкім. Праблематычна ўладкавацца на працу, знайсці жыллё. Але, па прызнанні А. Ракава, яму неяк шанцавала па жыцці. Працаваць пайшоў прадаўцом у мясцовы магазін, хоць і меў толькі 6 класаў адукацыі. А затым перакваліфікаваўся ў кінамеханіка і адпрацаваў па гэтай спецыяльнасці 36 гадоў.
Рана аўдавеў. Дваццаць гадоў мінула з таго часу, як не стала яго Любы. Апора бацькі — дзеці. Жыве з дачкой Таісай у двухпавярховым доме. Яшчэ і цяпер,па прызнанні жанчыны, можа дапамагчы тым-сім па гаспадарцы — курэй, індакачак пакарміць, працепліць печ. З задавальненнем чытае “Браслаўскую звязду” і сочыць за навінамі ў свеце.
Аляксандр Ільіч багаты дзядуля і прадзядуля. Усяго мае 9 унукаў і 4 праўнукаў.
Хочацца пажадаць гэтаму паважанаму чалавеку здароўя і яшчэ многіх гадоў жыцця.
Зінаіда Палулех.