У мінулую пятніцу ў Шаркаўшчыне прайшоў рэгіянальны этап конкурсу БРСМ на лепшую пярвічную арганізацыю сярод навучальнай моладзі “Школьны марафон”. Наша газета ўжо паведамляла пра адпаведны раённы конкурс. Нагадаю, што на ім перамагла каманда першай гарадской школы, якая цяпер абараняла гонар Браслаўшчыны на больш высокім узроўні.
Сапернічалі з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі яшчэ 5 каманд з Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага (2 каманды) раёнаў. Падчас іспытаў, якія ўжо сталі традыцыйнымі (візітка, дамашняе заданне, конкурсы капітанаў і агітбрыгад), актывістам давялося прадэманстраваць журы свой інтэлект, артыстызм, пачуццё гумару і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Барацьба за сімпатыі гледачоў і суддзяў разгарнулася нежартоўная, аднак, як кажуць у такіх выпадках, перамог мацнейшы. І вельмі прыемна адзначыць, што імі аказаліся менавіта нашы хлопцы і дзяўчаты.
У выніку конкурсу каманда браслаўчан ў складзе старшакласнікаў сярэдняй школы №1 Аляксея Дзіковіча, Вікторыі Вапручковай, Сямёна Гірсы, Аляксандры Яўсеенка, Андрэя Петкуна, Ангеліны Пустакінай і Уладзіслава Рубаніка набралі найбольшую колькасць балаў і атрымалі заслужаную перамогу.
Тым не менш расслабіцца ім не давядзецца — ужо 15 красавіка жданаўцы выступяць на абласным этапе конкурсу, які пройдзе ў Віцебску.
Вячаслаў Каладынскі.