На працягу апошніх двух гадоў у Браслаўскім аддзяленні дэпартамента аховы МУС стала добрай традыцыяй праводзіць у сябе некалькі раз у год дні адчыненых дзвярэй. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству, ёсць магчымасць пазнаёміць вучняў старэйшых класаў сярэдніх школ г. Браслава з нашай службай, расказаць пра ўмовы паступлення на службу ў АУС і навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якія рыхтуюць спецыялістаў для сістэмы МУС, сацыяльныя гарантыі супрацоўнікаў АУС і пра іншыя пытанні, якія цікавяць зараз маладых людзей.
Менавіта з такой мэтай дадзенае мерапрыемства было арганізавана 19 сакавіка з навучэнцамі 9 “Б” класа першай гарадской школы. У гэты дзень начальнік аддзялення падпалкоўнік міліцыі Мікалай Сільчонак правёў для школьнікаў экскурсію, пазнаёміў з гісторыяй аддзялення аховы і арганізаванай у актавай зале фотавыставай, прадэманстраваў спецыяльныя сродкі, якія прымяняюцца пры затрыманні злачынцаў. Бронекамізэлька і шлем так уразілі вучняў, што яны з задавальненнем фатаграфаваліся ў іх.
У двары аддзялення была арганізавана сустрэча з самым дасведчаным міліцыянерам-кінолагам Ігарам Пука і яго службовым сабакам Полі, які пад кіраўніцтвам гаспадара прадэманстраваў выкананне асноўных службовых каманд. Затым старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Андрэй Жукоўскі пазнаёміў дзевяцікласнікаў з групай затрымання ў складзе прапаршчыкаў міліцыі Юрыя Кахановіча і Сяргея Максімовіча, расказаў пра асаблівасці іх работы.
Наколькі спадабалася сустрэча, можна было меркаваць па добрым настроі школьнікаў. І мы спадзяёмся, што хто-небудзь з іх у будучыні вырашыць звязаць сваё жыццё з аховай, і думаем, што такая сустрэча будзе не апошняй.
Аляксандра Мітрафанава, спецыяліст па кадрах.