Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў рамках раённага суботніка аб’явіў пра правядзенне акцыі “Мемарыял”. І гэта апраўдана. Навесці парадак вакол помнікаў і абеліскаў, па меры магчымасцей абнавіць іх – наш святы абавязак, тым больш што краіна рыхтуецца да знамянальнай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Актыўна адгукнуліся на такую прапанову супрацоўнікі нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара ўстановы Маргарыта Несцярэнка, на суботнік выйшлі супрацоўнікі кожнага з лясніцтваў. Ад мінулагодняга лісця, смецця друйскія леснікі ачысцілі месца воінскага пахавання ў вёсцы Глубошчына, казянскія – у в. Якшты, богінскія – у в. Пруднікі, замошскія – у в. Рэпаўшчына, дубраўскія – у в. Плетарова.
Не засталіся ў баку ад такой карыснай справы і пагранічнікі. Як сказаў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела пагранічнай службы “Опса” Аляксандр Кусцінскі, салдаты і афіцэры займаліся добраўпарадкаваннем помнікаў у Відзах і Лушнева.
Школьнікі таксама наводзілі парадак на тэрыторыі воінскіх пахаванняў. Значна папрыгажэлі гэтыя святыя месцы, дзякуючы старанням вучняў з Ахрэмаўцаў, Браслава, Відзаў, Дрысвят, Мілек, Кансталіна, Чэрнева.
Хочацца спадзявацца, што і надалей тэрыторыі воінскіх пахаванняў, вакол помнікаў і абеліскаў будуць падтрымлівацца ў чысціні і парадку. Мы абавязаны памятаць пра тых, хто паклаў сваё жыццё на алтар перамогі, дзякуючы каму мы сёння жывём пад мірным небам.
Як і ў першыя дзве суботы, працягваліся работы па добраўпарадкаванні і ў горадзе. Прадстаўнікі працоўных калектываў падмяталі вуліцы, падразалі дрэвы і кусты, наводзілі парадак у зялёнай зоне. У прыватнасці, работнікі РЭС, райпа і Беларусбанка ўбіралі схіл з надпісам “Браслаў” пры ўездзе ў райцэнтр.
Зінаіда Аляксандрава.