Лёгка пачаць — адмовіцца цяжка

Главное

02 (Medium)Здаецца, ні для каго не сакрэт, наколькі сур’ёзнай праблемай для грамадства з’яўляецца наркаманія. Яе распаўсюджванне з кожным годам набывае ўсё больш глабальны характар. Лічбы статыстыкі гавораць самі за сябе: па падліках медыкаў, у свеце каля 210 мільёнаў наркаманаў – больш за 3 працэнты ад ўсяго насельніцтва нашай планеты. На жаль, актуальная гэтая праблема і для Беларусі. Таму з мэтай прафілактыкі наркаманіі і ў нашым раёне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. Адно з іх адбылося на мінулым тыдні ў актавай зале СШ №2 — адкрыты форум “Праблемы распаўсюджвання наркаманіі ў падлеткавым асяроддзі” для старшакласнікаў гарадскіх школ і гімназіі.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Жанна Скур’ят нагадала школьнікам пра наступствы ўжывання наркотыкаў. Прывяла прыклады паводзін падлеткаў, якія могуць прывесці іх да наркаманіі. Яшчэ раз папярэдзіла маладых людзей, што наркаманія — гэта хвароба, якую складана пераадолець, таму ніколі не трэба паддавацца на прапановы і ўгаворы паспрабаваць наркотык. Бо пачаць ўжываць наркотыкі лёгка — цяжка потым спыніцца. Жанна Скур’ят таксама растлумачыла, як лепш адмовіцца ад прапановы паспрабаваць “зелле” ўпершыню, бо людзі, якія распаўсюджваюць наркотыкі часта “бяруць на слабо”, даюць дозу бясплатна, упэўніваюць пра тое, што ад адной спробы не бывае залежнасці, бываюць агрэсіўнымі ў выпадку адмовы патэнцыяльнага кліента.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Валенцін Янковіч засяродзіў увагу моладзі на заканадаўстве, якое стала больш жорсткім у адносінах да людзей, звязаных з наркотыкамі. Пры гэтым заўважыў, што пакуль, для такога маленькага горада, як Браслаў, праблема наркаманіі не надта актуальная, але пасля школы падлеткі паступаюць у навучальныя ўстановы ў сталіцы і абласных цэнтрах, а вось там наркаманія існуе. В. Янковіч папярэдзіў, што ў буйных гарадах маладых людзей часта выкарыстоўваюць для гандлю наркотыкамі. Прапануюць вялікія грошы за, здавалася б, мізэрную работу — перадаць пакецік з “зеллем”, але за такую “паслугу” можна трапіць за краты на доўгі тэрмін. Можна быць пакараным нават калі дазволілі “ўкалоцца” ў доме ці пакоі інтэрната. Законам прадугледжана пазбаўленне волі ад 8 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасці за рознага віда супрацьпраўныя дзеянні па абароце наркотыкаў.
Першы сакратар РК БРСМ Марыя Сіліцкая нагадала старшакласнікам, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі актыўны і здаровы лад жыцця, бо няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё і здароўе. А ў барацьбе супраць наркаманіі, намаганні маладых людзей павінны быць аб’яднанымі, таму прапанавала прысутным паўдзельнічаць у мерапрыемствах, што пройдуць у сакавіку ў нашым раёне. Гэта флэшмоб “Новае пакаленне супраць наркотыкаў!”, акцыі “Мы супраць наркотыкаў”, “Наркотыкі — не твая тэма”, “Мы выбіраем жыццё”.
Бібліятэкар РЦБС Іна Боландзь пазнаёміла школьнікаў са спецыяльна падрыхтаванай літаратурнай выставай “Скажы не наркотыкам” і з цікавымі артыкуламі ў перыядычных выданнях.
Можна сцвярджаць, што такія сустрэчы даюць свой плён. Каб спыніць негатыўныя тэндэнцыі, важна не толькі ведаць закон, але і выконваць яго, памятаць, што пакаранне за яго парушэнне непазбежнае.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.