Форум актыўных і ініцыятыўных

Главное

bA11gY4lFTEНа мінулым тыдні ў Віцебску праходзіў другі абласны форум лідараў БРСМ і БРПА “Мы — разам: захоўваем у сэрцах і памяць, і Вялікую Перамогу”. Сустрэча актыўных, пазітыўных, ініцыятыўных і мэтанакіраваных маладых людзей праходзіла ў цеплай сяброўскай абстаноўцы.
Другі год запар па ініцыятыве піянерскай і маладзежнай абласных арганізацый праводзіцца сумесны форум, які аб’ядноўвае юных актывістаў і лідараў з рэгіёнаў. У 2014 годзе мерапрыемства было накіравана на прэзентацыю напрамкаў дзейнасці БРСМ і БРПА, выпрацоўку новых форм супрацоўніцтва, захавання пераемнасці. А ў гэтым годзе, які прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, моладзь сустрэлася, каб абмеркаваць вектар сумеснай працы ў грамадзянска-патрыятычным накірунку.
Удзел у форуме прыняла і дэлегацыя Браслаўскага раёна. Годна прадставілі наш рэгіён старшыні райкама БРСМ Марыя Сяліцкая і БРПА Алена Міхновіч, лідар раённага камітэта БРСМ Паліна Шышко з гімназіі і вучаніца СШ№2 Кацярына Рудзь, якая актыўна ўдзельнічае ў жыцці піянерыі раёна.
Уражаннямі ад удзелу нашай дэлегацыі ў абласным форуме падзялілася Марыя Сяліцкая:
— Мерапрыемства адбылося на базе абласнога палаца дзяцей і моладзі. У ім прынялі удзел больш за 100 чалавек: першыя сакратары тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ, старшыні тэрытарыяльных саветаў БРПА, актывісты арганізацый, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення адукацыі аблвыканкама, ветэранскіх арганізацый, Фонду міру, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
Пасля ўрачыстага адкрыцця праграма форуму ўключала работу тэматычных пляцовак і абмеркаванне ў трох групах. Першая група прэзентавала маладзежную акцыю «Партызанскі касцер» на базе абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова. У другой групе абмеркавалі за круглым сталом пытанні грамадзянскага выхавання моладзі ў духу міратворчасці. Удзельнікі трэцяй на базе абласнога краязнаўчага музея давалі старт акцыі «Мы — разам: захоўваем у сэрцах і памяць, і Вялікую Перамогу», накіраванай на далучэнне моладзі да культурна-гістарычнай спадчыны вобласці. У склад гэтай каманды ўваходзіла і наша дэлегацыя. Пасля ўрачыстага старта акцыі для нас была арганізавана экскурсія па экспазіцыях музея з цікавымі расказамі пра іх экспанаты, а яшчэ мы прынялі ўдзел у незвычайнай квэст-гульні.
Абласны форум — цудоўнае мерапрыемства, на якім можна пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і іх меркаваннямі, а таксама даведацца пра нешта новае. Трапіць на яго – ганарова і адказна, таму ў гэтым годзе годна прадставіць наш раён выпала магчымасць дзвюм самым актыўным дзяўчатам Браслаўшчыны.

Таццяна Пятушка.