Пэўна, не перабольшу, калі скажу, што ў сераду ў Пагашчанскім Доме культуры прайшло важнейшае мерапрыемства года — падвядзенне вынікаў работы ўсіх галін вытворчасці, сацыяльнай і культурна-бытавой сферы. На яго былі запрошаны людзі, якія шчырай працай мацуюць эканоміку, уздымаюць прэстыж прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, выдатна выконваюць свае абавязкі. А паколькі наш раён сельскагаспадарчы, то ў зале і перабольшвалі працаўнікі палёў і ферм, людзі, адданыя сваёй справе, такія як механізатар ААТ «Слабодка-агра» Юрый Вецер, аператар машыннага даення КУСП «Браслаўскі» Лена Максімовіч, галоўны заатэхнік гэтай гаспадаркі Людміла Якімчык, аператар па дарошчванні цялят Іна Рутко і тэхнік-асемянатар Вольга Шпакоўская з ААТ «Друйскі», аператар свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» Алеся Цяпак і шмат іншых. Менавіта яны і атрымлівалі пазней свае заслужаныя ўзнагароды.
Пасля ўступнага слова вядучых прысутных вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі. У прыватнасці, ён выказаў спадзяванне, што ў сёлетні год, багаты на юбілейныя даты, працаўнікі браслаўскага краю прыкладуць максімум намаганняў, каб быць дастойнымі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія заваявалі нам свабоду і незалежнасць. А для стваральнай працы ў нас ёсць старанныя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, якіх паважаюць і шануюць.
Менавіта людзей, якія заслужылі права насіць ганаровае званне «Чалавек года Браслаўшчыны», у ліку першых і запрасіў на сцэну У. Дранеўскі. А імі прызнаны аператар машыннага даення СВК «Маяк Браслаўскі» Ірэна Мацеша, дырэктар філіяла «Браслаўскі хлебазавод» Валерый Пятушка і маці-выхавальніца Відзаўскага дзіцячага дома сямейнага тыпу Святлана Дземіткевіч.
Затым па традыцыі на сцэну запрасілі пераможцаў раённага спаборніцтва сельскагаспадарчай вытворчасці. Усе шэсць пераходных сцягаў заваявалі працаўнікі СВК «Маяк Браслаўскі», якія з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай прымалі кіраўнік гаспадаркі Рамуальд Шукель, галоўныя спецыялісты — аграном Валянціна Таўкінь, заатэхнік Леанід Барткевіч і ветурач Рамуальд Паляк, намеснік старшыні СВК Андрэй Шукель.
Яна ж узнагароджвала і пераможцаў вытворчай, сацыяльна-бытавой сферы і культуры, органаў мясцовага самакіравання, а лепшых па прафесіі працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці і кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый віншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Максім Чагарын. І для кожнага з намінантаў прадстаўнікі ўлады знаходзілі сардэчныя словы ўдзячнасці за іх уклад у агульны здабытак раёна.
А ў заключэнне ўрачыстага мерапрыемства работнікі раённага Дома культуры падарылі прысутным цудоўную канцэртную праграму.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.