У панядзелак, 23 лютага, паўсюдна адзначалася свята Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Па добрай традыцыі ў гэты дзень ў гімназіі вучнёўскія і педагагічныя калектывы дзіцячай школы мастацтваў зладзілі свой канцэрт-віншаванне.
У актавай зале ўстановы адукацыі сабраліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада, грамадскасці, маладога пакалення, мясцовыя жыхары і, безумоўна, ветэраны. Напачатку ўсіх прысутных вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна адзначыла вялікі ўклад нашых дзядоў і бацькоў падчас кровапралітных войнаў, непарыўную сувязь пакаленняў і пераемнасць нашага гераічнага мінулага і сучаснага, падзякавала віноўнікам урачыстасці за добрасумленную службу, мірнае неба над галавой, спакой і ўтульнасць у нашых дамах.
Не абышлося і без прыемнай цырымоніі ўручэння ўзнагарод. Старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і ваенны камісар Браслаўскага раённага ваеннага камісарыята маёр Віталь Грамніцкі ўзнагародзілі ветэранаў і былых вязняў юбілейным медалём “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 года”. Для кожнага Уладзімір Дранеўскі знайшоў шчырыя словы падзякі і віншавання.
Пасля прамовы ветэрана вайны, Ганаровага грамадзяніна Браслаўскага раёна Паўла Бульскага да помніка загінулым воінам накіравалася дэлегацыя, каб пакласці вянок і ўшанаваць памяць усіх салдат, якія аддалі сваё жыццё за нашу свабоду.
Урачыстасці з нагоды віншавання моцнай паловы насельніцтва працягнуліся цудоўным канцэртам. Дарэчы, усім жадаючым, якія прыйшлі паглядзець выступленне, нават не хапала месца. А на сцэне адны артысты змянялі другіх. У гэты дзень можна было атрымаць задавальненне як ад гучання музычных інструментаў, так і ад пранікнёных спеваў. На ўра гледачы прымалі ансамблі педагогаў і выхаванцаў ДШМ, а таксама шматлікія харэаграфічныя калектывы гэтай установы. Адным словам, віншаванне абаронцаў Айчыны атрымалася.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.