Рыбалка — адно з самых масавых захапленняў. Працэс лоўлі рыбы настолькі займальны, што з часам ён нярэдка перарастае ва ўсёпаглынальны запал. А калі да рыбацкага азарту дадаць яшчэ і спартыўны, то эмоцыі сапраўды зашкальваюць. Што і пацвярджаецца падчас традыцыйных спаборніцтваў па рыбнай лоўлі, якія ладзяць арганізацыі раёна.
Не здраджваюць сваёй традыцыі і браслаўскія міліцыянеры, якія ў мінулую суботу выправіліся на воз. Дрывяты за рыбацкім шчасцем. Многія супрацоўнікі РАУС прыехалі на спаборніцтвы разам са сваімі сем’ямі, не забыліся арганізатары мерапрыемства запрасіць і сваіх ветэранаў.
Вудзіць рыбу, паведаміў намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Часлаў Угарэнка, дамовіліся ўсяго чатыры гадзіны. Кожны змагаўся па-свойму: хтосьці сядзеў каля адной лункі і чакаў удачы, іншыя пераходзілі з месца на месца ў пошуках вялікай рыбіны.
Асаблівым уловам, праўда, ніхто не здзівіў, але пераможцы ўсё ж былі вызначаны. Больш за ўсіх налавіў Павел Пальчэўскі, за што і атрымаў палатку. Самую вялікую рыбіну выцягнуў Леанід Мікшта, а ў падарунак яму ўручылі пераносную газавую плітку. Генадзь Гайдамовіч прад’явіў журы найбольшую колькасць “галоў” і быў адзначаны рыбалоўным бурам.
Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтва ўдзельнікі мерапрыемства змаглі пачаставацца смачнай шурпой і іншымі прысмакамі. Усе дружна абмяркоўвалі ход спаборніцтваў, успаміналі цікавыя моманты з рыбацкага жыцця.
А самы галоўны прыз атрымалі ўсе — адпачынак на свежым паветры і выдатны настрой.
Алена Пятушка.