Пагадзіцеся, не ўсякае месца можа замяняць дом, бо там кожны куточак знаёмы, усе рэчы твае і нават “сцены грэюць”. Думаю, што ніхто не паспрачаецца і з тым, што самае складанае замяняць маму, бо мама самы ласкавы, самы любячы і пяшчотны чалавек на зямлі. Але, трэба сказаць, што людзі, якія працуюць у дашкольных установах, навучыліся, хоць і на некаторы час, але замяняць і дом, і маму для сваіх выхаванцаў. Усе — ад дворніка да загадчыка дзіцячага садка — кожны дзень імкнуцца стварыць цеплыню і ўтульнасць не толькі ў памяшканнях, а і ў душы кожнага маленькага наведвальніка.
Яслі-сад №3 — самая вялікая дашкольная ўстанова ў нашым раёне. Цяпер 11 груп садка наведваюць 209 дзяцей. На іх карысць працуюць 27 педагогаў і 33 — дапаможнага персаналу.
Да сённяшняга дня браслаўчане пры размове гэты сад называюць “новым”, але час ляціць імкліва, і наступны год будзе для яго юбілейным — 30-ым па ліку, калі ўпершыню прыняў выхаванцаў. Каб дзеткам садка было ўтульна, клапоціцца кіраўніцтва ўстановы — загадчыца Вольга Селязнёва і яе намеснікі: па асноўнай дзейнасці — Таццяна Алеюн, па гаспадарчай — Аксана Зыкава. Дарэчы, у час размовы загадчыца прызналася, што з памочнікамі працаваць проста, яны дасканала ведаюць сваю справу і ставяцца да яе адказна.
Каб сад выглядаў прывабна і адпавядаў сацыяльным стандартам, апошнім часам тут устанавілі электраводанагравальнікі, новыя ўваходныя дзверы, адрамантавалі дах, каналізацыйную сістэму, у групах замянілі лінолеум, па меры магчымасцей абнаўляюць прадметна-развіваючае асяроддзе. У гэтым дапамагаюць бацькоўскі апякунскі савет і, вядома ж, дзяржава, кіраўніцтва раёна, аддзел адукацыі, шэфы і спонсары. Свой уклад уносіць і пазабюджэтная дзейнасць. З 2010 года на базе садка дзейнічаюць платныя гурткі па харэаграфіі і англійскай мове. З мінулага года тут праводзяцца платныя заняткі для дарослых па аэробіцы, якія, дарэчы, вельмі запатрабаваныя.
Загадчыца ясляў-сада Вольга Селязнёва працуе тут даўно: была выхавацелем, некалькі гадоў намеснікам загадчыка і ўжо тры гады кіруе гэтай установай, таму ведае, як кажуць, усю кухню знутры.
— Калектыў працуе зладжана, ўсе дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго, — казала загадчыца. — Педагогі распрацоўваюць новыя метады навучання, праводзяць заняткі у розных формах. Так, выхавальніца Марына Брынкевіч працуе па тэхналогіі ранняга навучання дзяцей чытанню па сістэме М. Зайцава. Галіна Іванова і Наталля Шышко вучаць матэматычным асновам з дапамогай метадычнага дапаможніка — блокаў Дзеенеша. Ірына Баравік аддае перавагу палачкам Кюзенера. Хочацца адзначыць лагапеда Сняжанну Екабсон і дэфектолага Вольгу Пятушка, што працуе ў групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі гаворкі. Іх ўрокі дзеці наведваюць з задавальненнем, бо праходзяць яны заўсёды ў гульнявой форме і прыносяць хуткія вынікі.
У садку вялікую ўвагу надаюць фарміраванню нацыянальнага ўсведамлення. Дзеці знаёмяцца з традыцыямі беларускага народа, вучаць народныя танцы, песні, прыказкі і прымаўкі. Даволі часта тут праходзяць фальклорныя святы беларусаў Калядаванне, Масленіцу з удзелам дзяцей і іх бацькоў. Кожны чацвер у садку аб’яўлены днём роднай мовы.
Традыцыйнымі і любімымі бацькамі і дзецьмі ў яслях-садзе №3 сталі дні здароўя, спартландыі, тэатралізаваныя пастаноўкі і шмат іншых мерапрыемстваў, якія яднаюць яшчэ больш гэты калектыў з бацькамі і маленькімі выхаванцамі. Усе разам яны па складаным шляху выхаваўчай дзейнасці збіраючы перамогі. Так, у мінулым годзе педагог Алена Навасельцава стала выхавальніцай года, яслі-сад №3 быў узнагароджаны Ганаровай граматай абласнога конкурсу прадметна-развіваючага асяроддзя для старэйшых груп, у раёне яны сталі пераможцамі па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі, і ў каторы раз гэты садок заняў першае месца ў раёне па выніках года сярод дашкольных навучальных устаноў.
Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.