На базе СШ№2 створаны цэнтр лыжнай падрыхтоўкі

Главное

IMG_6461 (Small)Яшчэ 10 — 15 гадоў таму назад лыжная падрыхтоўка браслаўскіх школьнікаў не выклікала занепакоенасць. Аднак з цягам часу інвентар прыходзіў у нягоднасць, адчуваўся дэфіцыт спецыялістаў. Усё гэта прывяло да таго, што гарадскія школы, у адрозненне ад сельскіх, скарацілі да мінімуму ці ўвогуле ігнаравалі спаборніцтвы па лыжным спорце. Склалася парадаксальная сітуацыя: у горадзе быў чалавечы патэнцыял, але востра не хапала матэрыяльнай базы, а на сяле – наадварот – пры наяўнасці інвентару часта не было каму ім карыстацца.
Каб выправіць сітуацыю, сёлета аддзел адукацыі спорту і турызму на 50 мільёнаў рублёў закупіў лыжы і адпаведныя прылады да іх, уключаючы спецыяльны абутак. Каб не распыляць адносна сціплыя сродкі па ўсім раёне, было вырашана стварыць цэнтр лыжнай падрыхтоўкі школьнікаў на базе другой гарадской школы. Па-першае, такі падыход дазволіць рэабілітаваць спартыўны накірунак у горадзе, а па-другое, там настаўнікам фізічнай культуры працуе Аляксей Салак, які мае адпаведную спецыялізацыю і вопыт.
Цяпер у другой школе ёсць 40 пар лыж, разлічаных на штодзённыя заняткі і 15 пар больш высокай якасці для ўдзелу ў спаборніцтвах. У будучым гэтыя лічбы плануюць павялічыць. Па словах Аляксея Войцехавіча, лыжны інвентар закуплены з прыцэлам на сярэднюю ўзроставую групу школьнікаў. Так, мяркуе педагог, значна больш шансаў вырасціць годных спартсменаў, бо пачынаць трэніравацца трэба як мага раней. Дарэчы, інтэнсіўныя трэніроўкі пачаліся ўжо гэтай зімой: на стадыёне пракладзена лыжня і школьнікі, не без задавальнення асвойваюць падзабыты від спорту. Прычым, акрамя стандартных урокаў фізкультуры, працуе секцыя па лыжным спорце і стральбе.
Такім чынам, адзін з самых папулярных зімовых відаў спорту перажывае ў Браславе сваё адраджэнне. “На лыжах мы ўжо стаім. Больш за тое, сёлета, упершыню больш чым за 10 гадоў, мы склалі канкурэнцыю лыжнікам з сельскай мясцовасці і паказваем неблагія вынікі на адпаведных спаборніцтвах,”— кажа Аляксей Салак.
Застаецца толькі пажадаць ініцыятарам такой надзвычай карыснай справы захаваць набраны тэмп, не згубіць агеньчык у вачах і дасягнуць пастаўленых вынікаў. Хто ведае, можа, і ў нас расце свая Домрачава.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: Каманда другой школы на спаборніцтвах па лыжных гонках.