Спажывецкае таварыства мае ў раёне шмат гандлёвых аб’ектаў, да якіх адносіцца і магазін №4 “Блакіт”. Яго калектыў ва ўмовах значнай канкурэнцыі, якую складаюць прыватнікі і “Еўраопт”, у мінулым годзе ўвайшоў у лік лепшых. У прыватнасці, забяспечыў тавараабарот 5582,7 млн руб., тэмп росту ў супастаўных цэнах — 108% і па выніках спаборніцтва стаў пераможцам сярод гарадскіх гандлёвых кропак.
Старанная праца калектыву прыносіць плён. Выручка магазіна за месяц нават зараз, у зімовы сезон, складае 400 млн. Летам жа, калі ў горадзе многа адпачываючых, атрымлівалася ад 800 млн да 1 млрд руб. Лічбы сапраўды ўражваюць. Наведваюць магазін жыхары мікрараёна, сказваецца і блізкасць аўтастанцыі, бо многія вяскоўцы не абмінаюць “Блакіт”, прыязджаючы ў Браслаў па справах.
За высокімі паказчыкамі бачна зладжаная і шчырая праца калектыву. Ён у магазіне складаецца з 9-ці чалавек. Гэта прадаўцы Алена Манкевіч, Тамара Лукша, Жанна Сажына, Крысціна Сінкевіч, Таццяна Зінькова і Галіна Пупіна. Прычым навічкам пашанцавала працаваць з больш вопытнымі калегамі, якія маюць вялікі стаж у гандлёвай сферы, 5-я і 6-я разрады. Узначальвае калектыў Марына Андрыянава, якая пасля заканчэння Полацкага кааператыўнага вучылішча прыйшла ў гандаль і прысвяціла яму 24 гады. У многім дзякуючы яе адказным адносінам да справы ладзіцца работа. Даўно працуе і прыбіральшчыца Вольга Корсак, стараецца, каб у магазіне было чыста і акуратна. Працоўны стаж грузчыка Антона Дзенісевіча таксама звязаны з райпа. І калі ў некаторых магазінах адчуваецца недахоп прадаўцоў, то ў “Блакіце” штат укамплектаваны.
Добрыя вынікі атрымліваюцца звычайна тады, калі за работу бяруцца неабыякавыя людзі. Якраз такія і працуюць у магазіне. Кожны мае свае абавязкі, да якіх адносіцца з адказнасцю і прафесіяналізмам.
Памяшканне магазіна невялікае, але ўтульнае, прадаўцы максімальна выкарыстоўваюць кожны куточак гандлёвай залы, выкладку на вітрынах робяць па адпаведных правілах. “Блакіт” працуе па сістэме самаабслугоўвання, што зручна для пакупнікоў: можна хутка знайсці патрэбны тавар, разгледзець яго, пачытаць інфармацыю на ўпакоўцы. Тут маюцца прадукты на любы густ. У шырокім асартыменце хлебабулачныя, каўбасныя вырабы, багаты выбар малочнай, кандытарскай прадукцыі.
— Галоўнае для нас — задаволіць патрэбы пакупнікоў, — кажа Марына Андрыянава. — Імкнёмся абслужыць людзей так, каб яны пакінулі магазін задаволеныя і захацелі прыйсці да нас яшчэ. Сочым за насычанасцю асартыменту. Калі раптам неабходнага наведвальнікам тавару няма ў наяўнасці, стараемся хутчэй заказаць.
Для большай зручнасці пакупнікоў “Блакіт” удзельнічае ў акцыях, арганізуе выязны гандаль, таксама мамы атрымліваюць тут дзіцячае харчаванне. Гэта дадае, безумоўна, работы, затое наведвальнікі магазіна, з якімі давялося пагутарыць, выказваюць задавальненне абслугоўваннем, добра адклікаюцца пра ўважлівых прадаўцоў. Бачна, што калектыў магазіна працуе з клопатам пра пакупнікоў.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.