Заступаючы чатыры гады таму назад на пасаду ААТ «Друйскі», Аляксандр Бялюн сваёй першачарговай задачай ставіў нарошчванне вытворчасці травяністых кармоў і зернефуражу ў аб’ёмах пад поўную патрэбнасць жывёлаводчай галіны.
Як спрацавалі ў гэтых накірунках, кіраўнік акцыянернага таварыства расказаў карэспандэнту газеты Аляксандру Азевічу.
— Выбранай стратэгіі павышэння прадукцыйнасці жывёлагадоўчай галіны праз стварэнне трывалай кармавой базы мы не мянем. Праўда, вынікі работы па гэтых двух накірунках яшчэ не дасягнулі чакаемых, пакуль адстае вытворчасць збожжа. З нарыхтоўкай травяністых кармоў апошнія гады мы спраўляемся, не купляем іх, прычым бачым і рэзервы да павелічэння зімовых запасаў. Каб назапашваць удосталь сена, сенажу і сіласу, трэба разумна выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, мець неабходную тэхніку, рэгулярна абнаўляць травастой. Лічу, што агранамічная і інжынерная службы з гэтым спраўляюцца.
На сёлетнюю зімоўку назапасілі па 24,2 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў.
Пастаянна клапаціліся і пра іх якасць. У мінулым годдзе перад закладкай сянажнай і сіласнай масы пачалі закрываць «барты» траншэй поліэфірнай плёнкай. Набылі рулонны прэс-абмотчык сена — 50 % усяго нарыхтаванага паспелі герметычна ўпакаваць. А гэта дае значную эканомію кармоў, павышае іх спажыўныя якасці. Працуючы ў гэтым накірунку, разлічваем праз год‑другі мець нават рэзервовы фонд.
Што датычыць вытворчасці збожжа, то ў гэтым накірунку нам яшчэ працаваць і працаваць, але бачу, што тут намі выбрана правільная стратэгія. Валавы намалот збожжавых і зернебабовых культур летась узрос на 39 % да ўзроўню папярэдняга года і склаў 3 890 т. З кожнага гектара намалаціла па 17,8 цэнтнера. Прыбаўка да 2013 г. — 4,3 ц з га.
З намалоту новага ўраджаю пад поўную патрэбнасць засыпалі насенне, разлічыліся з хлебапрыёмнымі камбінатамі па авансах, прыгатавалі 200 тон камбікорму. Ёсць яшчэ і запас. Тым не менш ураджайнасць у 17 цэнтнераў нас не можа задаволіць. Трэба выходзіць як мінімум на 25. Маем ужо і пэўныя агранамічныя распрацоўкі на перспектыву. Хачу асобна сказаць пра заслугу ў галіне вырошчвання збожжа начальніка аддзялення Станіслава Радзевіча, які шмат гадоў узначальваў нашу гаспадарку, да таго ж мае багаты запас агранамічных ведаў. Менавіта Станіслаў Іосіфавіч вызначаў, дзе і якую культуру размяшчаць, сарты культур, кіраваў працэсам уборкі.
Зроблены і пэўны задзел на сёлетні год. Пасеялі 800 гектараў азімых. Усяго ж збожжавы клін займе 1 800 га. Думаю, пасяўную правядзём своечасова. Тэхніка ўжо рамантуецца. На запчасткі патрацілі 280 мільёнаў уласных сродкаў. Але гэта недастаткова. Таму, калі ажыццявім задуманае ў раслінаводстве, а менавіта навучымся стабільна намалочваць па 25 цэнтнераў з гектара збожжа, здолеем вывесці на належны ўзровень вытворчасць малака, тады паправім і фінансавае становішча, не будзем думаць, дзе ўзяць грошы на тыя ці іншыя патрэбы.
Фота Аляксандра Азевіча.