У спалучэнні традыцый і інавацый

Главное

IMG_6380 (Small)“Дрэнны абед, калі хлеба няма,” — кажуць у народзе. І сапраўды, хлеб утрымлівае практычна ўсе пажыўныя рэчывы, неабходныя для жыцця чалавека. А каб мы маглі з задавальненнем пасядзець за кубачкам гарбаты са смачным пірагом, тортам, з булкай ці калачом, усю ноч шчыруюць работнікі хлебазавода.
Нават у жосткіх умовах рыначных адносін, паведаміў дырэктар Вялерый Пятушка, за мінулы год нашы хлебапёкі змаглі выканаць даведзеныя паказчыкі па вытворчасці, а рэнтабельнасць продажу склала 7,5 %. Несумненна, гэта заслуга ўсяго калектыву завода, які штодзённа працуе над павышэннем канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі і інавацыйнымі распрацоўкамі, пры гэтым не цураюцца яны і сваіх старых традыцый. Так, летась абноўлены асартымент хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў да 20 % ад агульнага аб’ёму выпуску. За суткі з пячэй завода выходзіць каля 5 тон хлебабулачных і каля 300 кг кандытарскіх вырабаў з рознымі дабаўкамі і пасыпкамі.
Выпускаюць тут і прадукцыю для тых, хто захоўвае дыету або хворы на дыябет. Каб вытрымліваць канкурэнцыю, часта даводзіцца “ўключаць” фантазію, у выніку чаго да кожнага свята на прылаўках магазінаў з’яўляюцца арыгінальныя вырабы з адпаведнай сімволікай.
Ёсць на хлебазаводзе свая кацельня, артэзіянская шчыліна, водазабор, 12 аўтамашын дастаўляюць прадукцыю па гандлёвых кропках. Дадатковы рубель прыносіць цэх па разліве безалкагольных напіткаў і сезонны выпуск хлебнага квасу.
Каб набыць большую колькасць спажыўцоў, упор робіцца на выязны і фірменны гандаль. Завод мае шэсць фірменных кропак для рэалізацыі сваіх вырабаў. Браслаўскі хлеб пастаўляецца не толькі ў суседнія Шаркаўшчынскі і Пастаўскі раёны. Карыстаецца наша прадукцыя попытам і ў буйных гарадах – Полацку, Наваполацку, Віцебску і Мінску.
Не на апошнім месцы і эстэтычны выгляд прадукцыі: сучаснае абсталяванне дазваляе прапаноўваць нарэзаны і ўпакаваны ў цэлафан хлеб. Усё робіцца для спажыўца і дзеля яго запатрабаванняў.
Варта адзначыць, што хлебазавод з’яўляецца пастаянным удзельнікам выстаў і кірмашоў розных узроўняў. Яго прадукцыя адзначаецца граматамі і дыпломамі. Так, у мінулым годзе руплівая праца кандытараў прынесла калектыву залаты медаль на 10-ай Міжнароднай выставе «Хлебная і кандытарская справа».
Ніхто не будзе спрачацца, што работа хлебапёкаў на заводзе самая важная, але не на апошнім месцы абслугоўванне і рамонт абсталявання прадпрыемства. Своечасова ўстараніць непаладку, іншы раз і ноччу, зрабіць бягучы рамонт у цэху, пры гэтым сачыць, каб працэс выпечкі хлеба не спыняўся. Усё гэта ляжыць на плячах сапраўдных майстроў сваёй справы — токара Івана Шніткі, слесара-сантэхніка Мар’яна Шулейкі і электразваршчыка Анатоля Максімовіча (на здымку).
Амаль па 20 гадоў яны трымаюць пульт завода ў сваіх надзейных майстравітых руках. Дзякуючы іх добрасумленнай працы, тут не бывае прастояў, а мы можам набыць да свайго стала духмяны свежы хлеб.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.