Як і ва ўсе апошнія гады, СВК «Маяк Браслаўскі» застаецца вядучай валаўтвараючай гаспадаркай раёна і бяспрэчным лідарам па вытворчасці ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Вось і сёлета сельгаскааператыў стаў пераможцам раённага спаборніцтва ва ўсіх шасці намінацыях. Акрамя таго, старшыня кааператыва Рамуальд Шукель прызнаны лепшым кіраўніком сельгаспрадпрыемства, а галоўны аграном Валянціна Таўкінь — лепшым спецыялістам раслінаводчай галіны.
За мінулы год валавая вытворчасць малака дасягнула 6 173,7 тоны пры сярэднім надоі на карову ў 6 711 кг. На перапрацоўку яго адпраўлена 5 903,4 т, або на 12% больш, чым у папярэднім годзе, пры гэтым амаль уся прададзеная прадукцыя адпавядала гатунку экстра. Адсюль і адпаведная выручка. Ад рэалізацыі малака гаспадарка атрымала 25 844 мільёны рублёў пры чыстым прыбытку ў 8 291 млн руб. і рэнтабельнасці ў 47,3%.
Высокіх надояў і прываг жывёлаводы кааператыва дабіваюцца дзякуючы трывалай кармавой базе, скрупулёзнай селекцыйнай рабоце, высокай арганізацыі вытворчых працэсаў. Мінулым летам для грамадскага статка БРЖ было нарыхтавана па 27,5 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. А гэта 481 тона сена, 6 138 т сенажу і 20 350 т сіласу.
Высокая прадукцыйнасць дойнага статка падтрымліваецца таксама за кошт своечасовага яго ўзнаўлення. З першага дня нараджэння і да расцёлу ўсе цялушкі ўтрымліваюцца на бяспрывязным і бязвыпасным утрыманні са збалансаваным кармленнем, пад пастаянным ветэрынарным наглядам.
Нягледзячы на тое, што ў сувязі з пагрозай пранікнення віруса афрыканскай чумы свіней на комплексе часова давялося скараціць пагалоўе, значных страт гаспадарка ад гэтага не панесла. За год вырашчана 3 372,2 тоны жывой масы свіней пры сярэднясутачных прывагах у 631 грам (на адкорме 702 г), дзяржаве рэалізавана 3 608,9 тоны свініны, за якую атрымалі 62 344 млн руб., пры чыстым прыбытку ў 6 839 мільёнаў і рэнтабельнасці ў 12,3%.
Цяпер перад калектывам комплексу пастаўлена задача нарасціць пагалоўе да ранейшага ўзроўню. Для хутчэйшай рэалізацыі планаў там пачынаецца рэканструкцыя чатырох памяшканняў. На іх будуць заменены дахі, а ў цэхах зманціраваны кармавыя аўтаматы, новая вентыляцыйныя сістэма. А для хутчэйшага папаўнення статка сфарміраваны дадатковыя групы свінаматак, першыя з якіх прынясуць прыплод у сакавіку.
Рэнтабельнасць работы свінакомплексу перш за ўсё залежыць ад забеспячэння яго збожжам уласнай вытворчасці, на што і нацэлена раслінаводчая галіна. Каб пракарміць пагалоўе, трэба намалочваць каля 14 000 тон збожжа і бабовых культур. Сёлета сабралі 10 919 тон. Гэта рэкордны вал за апошніх 10 гадоў. Кожны гектар даў па 33,3 цэнтнера ўсіх відаў культур. А каб выйсці на планавую лічбу ў 14 тыс. тон, ураджайнасць трэба ўзняць да 40 ц з га, над чым і працуе агранамічная служба.
За рэалізацыю ўсіх відаў прадукцыі за год у СВК «Маяк Браслаўскі» атрымалі 126 мільярдаў выручкі пры прыбытку ў 10,8 млрд рублёў і рэнтабельнасці ў 10,6 %. Выручка на аднаго працаўніка склала 311 мільёнаў рублёў. Агульны фонд заработнай платы дасягнуў 22 691 млн руб., або 18 % да выручкі, а сярэдняя зарплата на аднаго працаўніка склала 4 142 160 рублёў.
Пра падыходы ў арганізацыі працы, укараненне перадавых тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі ў СВК «Маяк Браслаўскі» на старонках газеты расказваў не раз. Але ніякія тэхналогіі не заменяць чалавечага фактара. І поспех працаўнікоў гаспадаркі перш за ўсё крыецца ў тым, што кіраўнік, спецыялісты, здолелі стварыць у калектыве атмасферу добразычлівасці, узаемадапамогі, дзе кожны працуе на агульны здабытак, штодня адчувае за сабой падтрымку калег па рабоце, дзелавыя і шчырыя адносіны з боку праўлення.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.