На падставе рашэння Браслаўскага райвыканкама ад 12 лістапада 2010 года № 1920 “Аб зацвярджэнні спецыяльнай прэміі “Чалавек года” пасля разгляду прадстаўленняў калектываў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна сёлета за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае, культурнае і духоўна-маральнае развіццё раёна, высокую працоўную і выканаўчую дысцыпліну прызнаны пераможцамі ў намінацыях:
аграпрамысловая дзейнасць – Ірэна Мацеша, аператар машыннага даення СВК “Маяк Браслаўскі”;
вытворчая дзейнасць – Валерый Пятушка, дырэктар філіяла РВУП “Віцебскхлебпрам” “Браслаўскі хлебазавод”;
сацыяльна-культурная і грамадска-палітычная дзейнасць – Святлана Дземіткевіч, маці-выхавальніца Відзаўскага дзіцячага дома сямейнага тыпу.
Дземіткевіч Святлана Антонаўна
Нарадзілася ў 1958 годзе ў вёсцы Павяцце Мёрскага раёна.
Сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута пачынала настаўніцай пачатковых класаў у Спрындаўскай васьмігадовай школе ў 1979 годзе. Затым на працягу 19-ці гадоў працавала ва ўстановах адукацыі Снечкуса (Вісагінаса) ў Літве.
У 2002 годзе С. Дземіткевіч уладкавалася на працу настаўніцай Опсаўскай дапаможнай школы-інтэрната.
Восем гадоў работы ў гэтай навучальнай установе і падштурхнулі С. Дземіткевіч узяць на выхаванне хлопчыка. Багаты педагагічны вопыт, шчодрасць мацярынскай душы дапамаглі хутка асвоіцца хлопчыку з апякуншай і прызнаць яе за маці. Тады Святлана Антонаўна і рызыкнула стаць першай у раёне стаць маці-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу.
Цяпер маці-выхавальніца гадуе чатырох прыёмных дзяцей, для якіх яна даўно стала маці.
Пятушка Валерый Антонавіч
Нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Мілашкі Браслаўскага раёна.
Пасля службы ў радах Савецкай Арміі працаваў вадзецелем на будаўніцтве Ігналінскай АЭС. Па вяртанні на малую радзіму сеў за руль аўтамабіля для развозкі хлеба на прадпрыемстве, якое ўзначальвае цяпер.
Працуючы вадзіцелем, В. Пятушка паступіў ва Усесаюзны завочны інстытут харчовай прамысловасці, пасля заканчэння якога і пачаўся кар’ерны рост маладога спецыяліста. Спачатку ён прызначаецца на пасаду галоўнага інжынера хлебазавода, затым намесніка дырэктара прадпрыемства. Тры гады ўзначальваў Браслаўскі харчовы камбінат. А з 1999 года Валерый Пятушка працуе дырэктарам хлебазавода.
Пад яго кіраўніцтвам на прадпрыемстве рэгулярна праводзіцца мадэрнізацыя вытворчасці, аўтаматызуюцца шматлікія лініі, асвоены дзясяткі відаў інавацыйнай прадукцыі, якая рэгулярна адзначаецца дыпломамі і медалямі на рэспубліканскіх выстаўках, шырока вядома на расійскім рынку.
Мацеша Ірэна Эдуардаўна
Нарадзілася ў 1975 годзе ў вёсцы Кумпіні Браслаўскага раёна.
Пасля заканчэння школы ў 1999 годзе ўладкавалася на працу ў калгас “Маяк” аператарам па доглядзе цялят. Пазней працавала даяркай і малаказборшчыцай гэтай гаспадаркі, паштальёнам Браслаўскага вузла паштовай сувязі. Але, як зразумела пазней, бліжэй за ўсё ёй сельгасвытворчасць, куды яна і вярнулася ў 2009 годзе на пасаду загадчыцы фермы. А роўна праз год папрасіла перавесці яе ў аператары машыннага даення, бо не было ніякага вопыту работы з людзьмі, ды і хацелася працаваць самастойна, даказаць сваім сяброўкам з вёскі, што цягі і спрыту да работы на ферме за гады “адлучкі” не згубіла.
Ужо ў першы год работы І. Мацеша дабілася лепшых паказчыкаў на ферме “Кумпіні”. За мінулы ж год ад кожнай каровы надаіла па 6579 кг малака, а валавы надой перавысіў 232 тоны. Пры гэтым 97% атрыманай прадукцыі адпавядаў гатунку экстра.
Шмат увагі надае Ірэна і захаванасці цялят. Беражлівыя адносіны да маладняку, старанны яго догляд адгукаецца адсутнасцю паморку і заўсёды трымаецца на стопрацэнтнай захаванасці.