Мінула амаль 70 гадоў, як над Рэйхстагам узвіўся чырвоны пераможны сцяг Савецкага Саюза. І колькі б гадоў ні прайшло з таго часу, як бы сёння хто ні імкнуўся перакрэсліць гісторыю і пераасэнсаваць падзеі вайны, значэнне подзвігу, які здзейснілі воіны ў імя перамогі над фашызмам, 9 Мая было і застаецца адным з самых паважаных свят у нашых душах.
Абавязак сучаснікаў, якія нарадзіліся ў мірны час, памятаць пра тых, хто загінуў, шанаваць, хто выжыў і сёння яшчэ сярод нас. Іх, на жаль, ужо так нямнога.
У мінулы аўторак старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і старшыня Цяцеркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Павел Антанёнак уручылі юбілейныя медалі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Антону Іодчыку, Трафіму Ерамееву і малалетняму вязню Апулёніі Шынкевіч, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета.
Прыемна было бачыць, як гэтыя людзі радаваліся такой увазе да іх.
Антон Іодчык, які сёлета будзе святкаваць 90-гадовы юбілей, жыве адзін, але, як казаў, увагай не абдзелены. Нярэдка дзеці наведваюцца ў бацькоўскі дом, асноўныя ж клопаты па доглядзе за ветэранам вайны ўзяла на сябе сацыяльны работнік Людміла Карповіч.
Антон Уладзіміравіч з гонарам апрануў свой святочны пінжак, лацканы якога ўвешаны шматлікімі медалямі, а Ніна Антонаўна прымацавала яшчэ адзін.
А. Іодчык напачатку служыў у польскай арміі, адтуль і трапіў на фронт. Ра-зам з 36-ым палком пехацінцаў удзельнічаў у фарсіраванні Віслы. Дайшоў да Дрэздэна.
Аднак пасля перамогі адразу на радзіму не трапіў. У сваю вёску вярнуўся пасля вайны толькі ў 1947 годзе. Працаваў амаль усё жыццё на ферме, за што неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва.
Антон Уладзіміравіч мае 6 унукаў, 8 праўнукаў. У свае амаль 90 гадоў яшчэ мае сілы даглядаць казу, сабаку ды кошку.
У многім падобны лёс напаткаў і Трафіма Ерамеева. Ён таксама ваяваў пехацінцам. Свой франтавы шлях закончыў на Эльбе. У мінулым годзе адзначыў 90-гадовы юбілей. Прадстаўнікі мясцовай улады, райаграсэрвіса, дзе ў свой час працаваў ветэран, суседзі, удзельнікі аўтаклуба і, вядома ж, дзеці наладзілі яму сапраўднае свята, пра якое Трафім Платонавіч з радасцю ўспамінае і сёння.
Гады бяруць сваё. Асабліва ў апошні час пачало падводзіць здароўе. Даглядаць бацьку прыехала з Даўгаўпілса яго дачка Антаніна.
На развітанне Трафім Платонавіч бадзёрым голасам праспяваў песню “Летят пералётные птицы” і ні разу не зблытаў ніводнага слова.
Нялёгкая доля была і ў А. Шынкевіч, якая разам з бацькамі ў час вайны была вывезена ў Нямеччыну. Падрабязна пра гэту жанчыну “Браслаўская звязда” пісала ў №91 за 2014 год.
У бліжэйшыя дні юбілейныя медалі атрымаюць усе ветэраны, удзельнікі вайны, вязні, што жывуць цяпер у нашым раёне. Да кожнага з іх у дом завітаюць прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія яшчэ раз пачуюць успаміны ветэранаў.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.
Ніна Пучынская ўручае юбілейны медаль Антону Іодчыку.