Запрашаюць тры мядзведзі

Главное

тры мядзведзіПачуты выраз “тры мядзведзі” міжвольна вяртае думкі ў дзяцінства, у казку з магутнымі калматымі ўладарамі беларускіх лясоў. Таму аднайменная назва сядзібы, што знаходзіцца ў в. Усце на беразе Богінскага возера, адразу заварожвае турыстаў.
І сапраўды прасторная тэрыторыя сядзібы, схаваная за высокай агароджай, найперш нагадвае дэкарацыю для старой добрай казкі. Тры грунтоўныя прыгожыя дамы з суцэльнага бруса і разнымі дзвярамі, ганкам, дахамі з трысцягу, падобнымі на мядзвежую поўсць, здаюцца жыллём казачных герояў. І толькі сонечныя калектары, устаноўленыя каля кожнага дома, дэманструюць дасягненні сучасных тэхналогій.
Першае, што адчуваеш, пераступіўшы парог любога з трох дамоў, прыемны супакойваючы водар натуральнага дрэва і цяпло, якое ідзе ад плітачнай падлогі.
Дырэктар сядзібы Валерый Каранікола патлумачыў, што ў летні перыяд для абслугоўвання дома хапае сонечных батарэй, а ўзімку яны ацяпляюцца толькі электраэнергіяй.
— Прадугледжана і выпадковасць адключэння электрычнасці, — кажа Валерый Андрэевіч, — бо ўстаноўлены генератар, які запускаецца пры патрэбе аўтаматычна. Таму нашы госці адчуваць сябе, як у дрымучым лесе, ніколі не будуць.
Драўляная камфортная мэбля, камінныя залы, дызайнерскі дэкор ствараюць атмасферу вытанчанай раскошы і ўтульнасці. Да таго ж кожны дом мае сваю назву і адметную разынку.
Напрыклад, у дамах “Сакалінае паляванне” і “Азёрны” камінныя залы аздоблены паляўнічымі трафеямі, сярод якіх галовы зубра, мядзведзя, лася, аленя, ваўка, дзіка, на сценах вісяць мядзвежыя, воўчыя і рысіныя шкуры, распасцерлі свае крылы і сокалы. Увесь гэты антураж пераносіць цябе ў далёкія сярэдневяковыя часы.
А ўбранне дома “Праванс” здзіўляе сваёй вытанчанасцю і шыкоўнасцю, бо нават душавая кабінка выкладзена італьянскай пліткай ручной работы.
Утульныя спальні запрашаюць пагрузіцца ў спакойнае царства Марфея, каб бачыць толькі радужныя сны, а артапедычныя матрацы дазволяць целу адпачыць і набрацца сіл.
Ва ўсіх дамах падключаны інтэрнэт, Wi-Fi, спутнікавае тэлебачанне, таму пры даволі значнай адлегласці ад горада сучасная сувязь не дазволіць адчуваць сябе адарваным ад знешняга свету.
Каб надакучлівыя мошкі не псавалі спакой і адпачынак, тэрыторыя сядзібы абсталявана спецыяльнай сістэмай аховы.
Па запатрабаванні гасцей служачыя прыгатуюць лазню, дзе можна атрымаць асалоду ад лячэбнай пары, водару бярозавага веніка і зняць з сябе эмацыянальнае і фізічнае напружанне.
— Акрамя камфортнага пражывання, — расказвае дырэктар, — у нас ёсць і мноства разнастайных забаў.
Для аматараў актыўнага адпачынку гаспадары прапануюць лодкі, як маторныя, так і веславыя, байдаркі, каноэ, катамараны, серфінг з вяслом, спартыўныя водныя матацыклы. Атрымаць адрыналін дапаможа катанне на банане, водных ватрушках і лыжах, а таксама вэйкбордзе. Для заўзятых рыбаловаў на сядзібе ёсць вялікі выбар плавальных сродкаў і роўны пантонны пірс даўжынёй 100 метраў.
Калі вы замарыліся ад шуму і мітусні вялікага горада і жадаеце адпачыць на ўлонні цудоўнай прыроды, не ахвяруючы прывычным камфортам, сядзіба “Тры мядзведзі” менавіта такое месца. Адно засмучае, што такі адпачынак далёка не ўсім па кішэні.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.