Цікавае і незвычайнае мерапрыемства прайшло ў Чэрнеўскай базавай школе напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Настаўнік гісторыі Уладзімір Аляксееў па тэлефоне звязаўся з маёрам бранятанкавых войскаў Пятром Ярашам, удзельнікам вайны ў Афганістане, які сёння жыве ў Віцебску.
Падчас размовы са школьнікамі баявы афіцэр расказаў ім пра асаблівасці і магчымасці магутнай баявой машыны і падзяліўся сваімі афганскімі ўспамінамі.
З 1987 па 1989 год пад спякотным сонцам і на небяспечных дарогах Афганістана П. Яраш камандаваў танкавым батальёнам мотастралковага палка, дзе налічвалася больш за 40 танкаў. На першым плане ў камандзіра была падрыхтоўка неабстрэленых навабранцаў. Як прызнаецца сам, ганяў, муштраваў юнакоў, не даючы ім спуску, бо добра разумеў, што вывучка, даведзеная да аўтаматызму, можа выратаваць жыццё.
І, думаю, сёння тыя, хто служыў пад камандаваннем “сярдзітага” маёра, неаднойчы ўспамінаюць яго добрым словам. А сам камандзір можа смела і без сарамлівасці глядзець у вочы бацькам і блізкім сваіх салдат, бо ні адзін з яго байцоў за два гады не адправіўся дадому ў “чорным цюльпане”.
Разам са сваім экіпажам танка Т-62 удзельнічаў Пётр Пятровіч і ў складаных баявых аперацыях, суправаджаў калоны аўтамашын па горным серпанціне, хоць мясцовасць зусім не была прыгоднай для прымянення цяжкіх баявых машын.
У пяцідзесяціградусную спякоту, калі браня награвалася, як сценкі духоўкі, а танк башню перапаўняла вільготнае ліпкае паветра, ад якога намакалі камбінезоны, танкісты ўпарта штурмавалі горную тэрыторыю чужой непрыветлівай краіны.
На валасок ад смерці давялося пабываць і экіпажу маёра П. Яраша. Здарылася гэта, калі яго танк суправаджаў калону бензавозаў, і першая аўтамашына з гаручым падарвалася на міне. Трэба было хутка спіхнуць яе з дарогі, каб астатнія маглі праехаць і не трапіць пад абстрэл. Але вадзіцель танка не разлічыў адлегласць, і баявая машына разам з бензавозам сіганула ў прорву. Колькі разоў танк перакуліўся, пралятаючы гэтых 6 м, безумоўна, ніхто не памятаў. Затое на ўсё жыццё кашмарным сном урэзаліся ў памяць жудасныя мінуты, пакуль зверху палала браня, а сам танк здаваўся магілай. І толькі калі полымя перастала выпрабоўваць байцоў на трываласць, змучаныя, параненыя, зняссіленыя, але, галоўнае, жывыя, яны змаглі вырвацца з жалезных абдымкаў смерці.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.