Звычайна пацыенты не сустракаюцца асабіста з медыцынскімі работнікамі Ганнай Ундруль, Марынай Жаркевіч і Аленай Каптур, якія працуюць у кабінеце медыцынскай статыстыкі Браслаўскай ЦРБ. Іх праца не бачна для пацыентаў, а вось для ўрачоў яна не застаецца па-за ўвагай.
Менавіта ў кабінеце медыцынскай статыстыкі знаходзіцца медыка-інфармацыйны цэнтр ўстановы. Штодня сюды сцякаецца інфармацыя пра хворых, якія паступілі і выпісаліся, іх захворванні, нараджальнасць і смяротнасць пацыентаў, наведвальнасць ўрачоў паліклінікі і іншыя медыцынскія звесткі.
Асноўнай задачай цэнтра з’яўляецца атрыманне дакладных статыстычных даных і забеспячэнне імі ўсіх структурных падраздзяленняў установы.
У кабінеце медыцынскай статыстыкі створаны шматлікія распрацоўкі і напрацоўкі, методыкі, накіраваныя на выключэнне статыстычнай памылкі. На сённяшні дзень тут шырока выкарыстоўваюцца сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, што значна палягчае працу, перш за ўсё з архіўнымі матэрыяламі, дазваляе аператыўна атрымліваць практычна любую аналітычную інфармацыю пра дзейнасць стацыянарных структурных падраздзяленняў установы, больш дакладныя звесткі, якія адносяцца да хворага, яго дыягназу, метадах і тэрмінах лячэння.
Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.