У наш час ужо даўно ўсе прызвычаіліся да шматлікіх конкурсаў прыгажосці з удзелам маладых стройных мадэляй. А вось як заняць прызавое месца людзям з абмежаванымі магчымасцямі? Калі вы лічыце, што такіх конкурсаў не існуе, то глыбока памыляецеся!
Паказаць сябе і праявіць сваё творчае самавыяўленне пры дапамозе сучасных тэхналогій невідушчым і слабавідушчым людзям даў шанс конкурс фотаздымкаў “Сямейны альбом”, які праводзіла абласная арганізацыя “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.
З раённага таварыства ў гэтым конкурсе прынялі ўдзел Галіна Варкова, Яліда Карабань, Алена Пупіна, Людміла Сінкевіч і Соф’я Літвін. Работы ўдзельнікаў былі разнастайнымі і выдатнымі. Яны прадставілі радасныя моманты сямейнага вольнага часу, цікавыя экскурсіі, шчаслівыя імгненні свят. Многія былі выкананы ў выглядзе фотакалажоў.
Падводзячы вынікі, журы адзначыла творчы падыход да афармлення работ усіх удзельнікаў, а браслаўчанкам Л. Сінкевіч і С. Літвін прысудзіла трэцяе месца і ўручыла грашовае ўзнагароджанне.
Выказваем падзяку ўсім удзельнікам конкурсу. І няхай хтосьці не заняў прызавога месца, затое вы паказалі сябе як чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Людміла Сінкевіч,
старшыня раённага “БелТІЗ”.