
Добрай традыцыяй стала ў пачатку года ўшаноўваць працаўнікоў вобласці, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у сваёй рабоце за мінулых 12 месяцаў. Прысваенне ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” праводзіцца ў вобласці з 2009 года з мэтай заахвочвання за заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі дзяржавы і органаў мясцовага кіравання, забеспячэнне законнасці і правапарадку, дасягненні ў галінах навукі, адукацыі і культуры, актыўную грамадскую дзейнасць. Лепшыя людзі рэгіёну атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў і грашовую прэмію. Білборды з іх фотаздымкамі на працягу ўсяго года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.
Галоўнымі героямі ўрачыстасці, якая адбылася на мінулым тыдні ў канцэртнай зале “Віцебск”, сталі 100 удастоеных ганаровага звання жыхароў рэгіёну, якія прадстаўляюць розныя галіны народнай гаспадаркі. У ліку ўзнагароджаных і прадстаўнікі Браслаўшчыны — Яраслаў Сапель, дырэктар філіяла РВУ “Браслаўрайгаз”, Дзмітрый Ціваловіч, начальнік Браслаўскага РВЭС, Уладзімір Баган, трактарыст-машыніст ААТ “Агравідзы”.
На ўрачыстым мерапрыемстве старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў асабіста ўручыў спецыяльныя дыпломы лепшым людзям рэгіёну. Віншуючы лаўрэатаў, М. Шарснёў сваё выступленне пачаў з народнай мудрасці: “З майстэрствам людзі не нараджаюцца, а добрым рамяством ганарацца”. Далей ён падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі нашага грамадства знаходзіцца чалавек і яго адносіны да працы, да сваёй Радзімы.
Завяршылася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” святочным канцэртам.

