Супакой душы ім не вярнуць

Главное

IMG_6020 (Small)Вайна не ведае ўзросту, перад яе жахлівым абліччам роўныя і старыя, і малыя. Па недакладных падліках, ахвярамі фашызму сталі звыш пяці мільёнаў дзяцей, а да шчаслівых залпаў Перамогі дажыло толькі адно дзіця з дзесяці. Пашанцавала і маленькай дзяўчынцы Ірыне Цясюль з в. Мілашы.
Безумоўна, многія падзеі і дакладныя факты не засталіся ў дзіцячых успамінах, і пра пакуты сваёй сям’і Ірына Аляксандраўна паведала мне са слоў сваёй маці. Аднак моманты неўсвядомленага жаху, які давялося перажыць, і да сённяшняга часу ўчэпіста сядзяць у яе памяці.
Выпрабаванні на вялікую сям’ю зваліліся яшчэ перад вайной, калі ў 1939 годзе пасля хваробы памёр бацька і Анісія Антонаўна засталася адна з дзесяццю дзецьмі на руках. Нават для мірнага часу гэта быў для гаротнай жанчыны неймаверны цяжар, а яе роспач пры першых выбухаў вайны нават немагчыма ўявіць.
Хаджэнне па пакутах для сям’і Цясюль, як і для большасці жыхароў Браслаўшчыны, пачалося ў 1942 годзе. Усёпаглынальным вогнішчам прайшлі немцы па нашай зямлі, а людзей, як статак, сагналі, пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і павезлі ў Нямеччыну.
На польскай зямлі падчас першага прыпынку — кажа І. Альхоўка, — усіх палонных распраналі і найперш адпраўлялі ў памывачную, а потым мы праходзілі рэнтген.
Сумныя гістарычныя факты сведчаць, што салдаты Трэцяга рэйха вельмі патрабавальна ставіліся да свайго здароўя і кроўнай чысціні арыйскай расы. Таму медыцынскі адбор сярод палонных быў скрупулёзным. І мы добра ведаем, што было наканавана хворым і нямоглым, нават маленькая пляма на скуры азначала смяротны прыгавор.
Паказаў рэнтген памутненне на лёгкім і ў брата Генадзя. Яго адразу накіравалі ў другі натоўп людзей. Пры гэтым 18-гадовы наіўны юнак супакойваў сваю маці, якая заходзілася ад плачу, бо быў упэўнены, што яго адпраўляюць на лячэнне.
Але лякарства ад усіх хвароб у немцаў было адно — смерць.
Далей сям’я апынулася ў нейкім мястэчку Інстэнбургскага раёна. Доўга іх ніхто не хацеў забіраць да сябе ў парабкі. Каму патрэбна столькі дзяцей — яны слабая рабочая сіла.
Галодныя, халодныя, змучаныя, яны пакорліва чакалі сваёй далейшай долі. Жудасная карціна паўстае перад вачыма: на дарозе ў ненавіснай краіне сядзіць разгубленая жанчына з роспаччу ў вачах, а да яе туляцца спужаныя ўзлахмачаныя дзеці-птушаняты, якіх выкінулі са свайго роднага гнязда. І рада бы маці ахінуць іх сваімі крыламі і абараніць ад бяды, ды сілы ўжо не стае.
Забраў гаротнікаў да сябе паліцэйскі афіцэр. У маёнтку пасялілі ў невялікім пакоі доўгага цаглянага дома. Пачалася катаржная работа, якая пачыналася і заканчвалася з ударам звону. І крый Божа спазніцца хоць бы на мінутку. Маці і старэйшыя сёстры працавалі па гаспадарцы, Ірынка адна заставалася ў пакойчыку.
— Ежу выдавалі на ўсіх членаў сям’і, — працягвае расказ Ірына Аляксандраўна, — але пайкі былі зусім маленькія, таму пачуццё голаду адчувалі ўвесь час.
Маці карміла свіней, давала ім бульбу і яблыкі, ды пры гэтым сваім дзецям не магла прынесці нічога. За кожную правіннасць пакаранне — расстрэл на месцы.
Неўзабаве адна сястра захварэла на запаленне лёгкіх, і маці пабегла да гаспадыні прасіць паратунку. І “спагадлівая” немка дапамагла збавіцца дзяўчыне ад пакут. Прыехалі ўрачы, забралі хворую ў бальніцу. А назаўтра было загадана яе забраць, каб пахаваць. Упэўнена, не сваёй смерцю памерла дзяўчына.
Немагчыма ўявіць сабе боль беднай маці, якая па волі чыйсьці крыважэрнай рукі так недарэчна губляе сваіх дзяцей. Якія гэта жудасныя пакуты, перасіліць жаданне звесці лік з жыццём і далей заставацца апорай для астатніх сваіх крывінак.
Абвяшчэнне Германіяй поўнай капітуляцыі стала шчаслівай магчымасцю для палонных вярнуцца дадому. Доўгі і небяспечны быў гэты шлях. Больш за месяц Анісія Антонаўна разам са сваімі дзецьмі дабіралася ў родныя мясціны.
Але ж і тут іх чакалі выпрабаванні. Да восені давялося жыць ў зямлянцы, харчаваліся шчаўем і лебядой, хадзілі жабраваць. Старэйшыя выправіліся на заробкі да больш заможных гаспадароў. На зіму сям’ю прытулілі добрыя людзі, потым дзесяць гадоў прыстанішчам для іх служыла невялікае збудаванне. Лягчэй стала, калі ўвайшлі ў невялікі, але ўласны дом. Вось на яго будоўлі Ірына і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, разам з якім выгадавалі двух дзяцей, дажылі да сталасці.
У свой час Ірына Аляксандраўна тры разы атрымала ад нямецкага ўрада грашовую кампенсацыю. Але ці могуць “дойчмаркі” ўваскрэсіць забітых і вярнуць спакой у душы скалечаных вайной людзей!

Алена Пятушка.
Фота аўтара.