Ужо на працягу месяца дзейнічаюць папраўкі ў правілах дарожнага руху. Згодна з пунктам 178 ПДР з 16 студзеня 2015 года ў машыне для бяспечнай перавозкі дзяцей да 12 гадоў або ростам ніжэй за 150 сантыметраў патрабуюцца спецыяльныя ўтрымліваўчыя прылады — аўтакрэсла.
Карэспандэнт газеты разам з супрацоўнікамі ДАІ Браслаўскага РАУС выязджала ў гадзіны пік да навучальных устаноў і паліклінікі, каб высветліць, ці выконваюць аўтаўладальнікі патрабаванні. У ходзе рэйду аказалася, што некаторыя аўтамабілісты грэбуюць здароўем дзяцей.
Калі мы цікавіліся ў браслаўчан, чаму тыя ігнаруюць правілы дарожнага руху, чулі самыя розныя адказы.
Жанчына, якая каля дзіцячага садка садзіла трохгадовага хлопчыка ў машыну без аўтакрэсла, патлумачыла, што пра новаўвядзенні ведае, але выдаткаваць з сямейнага бюджэту кругленькую суму (крэсла каштуе больш за мільён рублёў) пакуль не можа.
— А колькі каштуе жыццё вашага дзіцяці? — спытаў інспектар.
Жанчына разгубілася, замоўкла.
— Думаю, — прадоўжыў інспектар, што жыццё гэтага хлопчыка, вам даражэй за штраф супрацоўнікаў ДАІ, і толькі па гэтай прычыне, вы павінны паставіць аўтакрэсла. А наконт грошай я вам так патлумачу: на першы раз вы заплаціце мінімальны штраф — 90 тысяч рублёў, а за паўторнае парушэнне — ад двух да васьмі БВ, вось і набяжыць паўсумы за крэсла.
Жанчына заплаціла штраф і паабяцала, што ў бліжэйшы час абавязкова купіць крэсла для сына.
Наступным парушальнікам правілаў быў мужчына, які паспешліва зачыніў дзверы аўто, як толькі шмыганулі туды дзеці. Скажу шчыра, людзей, якія адчуваюць сябе вінаватымі, бачна адразу — па іх паводзінах. Мы падышлі бліжэй. Хлопец гадоў пяці стаяў за спінкай крэсла вадзіцеля, а меншы садзіўся ў спецыяльнае. Сталі высвятляць, чаму ў аўтамабілі толькі адно ўтрымліваючае прыстасаванне, бо дзяцей двое.
— Два крэслы купіць не рашыліся, — кажа вадзіцель, — Маленькаму, зразумела, трэба, каб не “валяўся” па машыне, а гэты ўжо дарослы, ён акуратна сядзіць. Да садзіка рукой падаць, і дзеці часцей ходзяць пешшу, а мне ў аўтамабілі два крэслы зусім недарэчы. Часта людзей падважу, а крэсла кожны дзень здымаць не будзеш.
Інспектар у сваю чаргу заўважыў:
— Па правілах дарожнага руху дарослым па ваш сын стане ў 12 гадоў, ці калі яго рост будзе перавышаць 150 сантыметраў, а пакуль для яго абавязкова павінны набыць спецыяльнае прыстасаванне. Калі вам нязручна аўтакрэслы, трэба набыць іншыя, напрыклад, бустэр, спецыяльную падушку, якія дазволяць прышпіліць дзіця з дапамогай штатных рамянёў бяспекі. Яны займаюць менш месца, чым аўтакрэсла, самі лёгкія і перасоўваць можна хоць кожны дзень, можна пакласці і ў багажнік.
Недалёка ад школы інспектар спыніў аўтамабіль, у якім сядзелі два школьнікі на выгляд гадоў сямі. Зноў адзін быў прышпіліны, а другі не. Вадзіцель стаў апраўдвацца:
— Другі хлопец не мой, проста суседка патэлефанавала і папрасіла забраць і яе сына са школы, бо сама не можа вырвацца з работы. Не пакіну ж я хлопца?
Міліцыянер патлумачыў, што ніякая сітуацыя не вызваляе ад адказнасці вадзіцеля. Толькі ён у адказе за дзяцей, якіх перавозіць. Вадзіцель, які не змог адмовіць суседцы, на гэты раз атрымаў папярэджанне, але калі падобная сітуацыя паўторыцца, то будзе аштрафаваны.
Пазней старшы дзяржаўтаінспектар ДПС Юрый Лаўрыновіч падзяліўся, што такія выпадкі, калі папрасілі падвесці, не рэдкасць.
— Я разумею, у невялікім горадзе, як Браслаў, многія людзі ведаюць адзін аднаго, сябруюць, могуць звярнуцца з просьбай падвезці ў любы час, і адмовіцца неяк. Але трэба ведаць і памятаць заўсёды, што перавозіць дзяцей без утрымліваючых прыстасаванняў можна толькі ў аўтамабілі таксі. Таму не падштурхоўвайце сваіх сяброў, суседзяў, родных ствараць небяспеку для сваіх, ці чужых дзяцей. Дарога непрадказальная — ДТЗ можа здарыцца ў любы момант.
Падводзячы вынікі рэйду, хачу адзначыць, што большая частка браслаўчан-выдзіцеляў паклапацілася загадзя пра бяспеку дзяцей. У гэтым артыкуле мы расказалі пра ўсіх парушальнікаў, што трапілі нам у гэты дзень. Тых жа, хто перавозіў дзяцей у аўтакрэслах, было намнога больш. Што, безумоўна, не можа не радаваць.
Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.
З моманту ўступлення ў сілу папраўкі ў ПДР (16 студзеня) аштрафаваны 14 вадзіцеляў, якія перавозілі дзяцей у аўтамабілі без утрымліваючых прыстасаванняў.