Несумненна, адзін год для творчага калектыву — гэта зусім юны ўзрост. Але сапраўдныя таленты загараюцца адразу яскрава і трывала. Так здарылася і з удзельнікамі ансамбля барабаншчыц “Брава”, створанага пры РДК.
Прыгожыя, статныя, абаяльныя дзяўчаты-школьніцы, большасць з якіх вучаніцы СШ №1, хутка і ўпэўнена падняліся па хісткай лесвіцы мастацтва, бо сваім зладжаным барабанным дробатам заўсёды прыцягваюць да сябе зачараваныя і здзіўленыя погляды гледачоў. Трэба адзначыць, што далёка не кожны раён можа пахваліцца такім цудоўным калектывам.
Нягледзячы на такі кароткі тэрмін свайго існавання, у юных барабаншчыц даволі значны паслужны спіс. Акрамя ўсіх раённых мерапрыемстваў, дзяўчаты з годнасцю прадстаўлялі нашу сінявокую Браслаўшчыну ў Лепелі на абласным свяце духавых аркестраў, у Віцебску падчас святочнага шэсця на Дзень Незалежнасці, узначалілі калону браслаўскай дэлегацыі на абласным свяце “Дажынкі — 2014” у Гарадку.
Талент дзяўчат не прамінулі адзначыць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. У навагоднія святы для юных барабаншчыц была арганізавана паездка на сталічную ёлку, а напярэдадні гадавіны ансамбля ў СШ № 1 завітала намеснік начальніка гэтага аддзела Алена Котава. На школьнай лінейцы яна павіншавала прыгажунь, выказала ім падзяку за іх талент і самаадданасць, уручыла граматы.
Віншуючы дзяўчат, А. Котава адзначыла цесныя сувязі аддзела з настаўніцкім і вучнёўскім калектывам школы, у чым несумненная заслуга дырэктара ўстановы адукацыі Тамары Стома.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.