І прыкладная вучаніца , і рукадзельніца

Главное

IMG_7991 (Small)Шчыра кажучы, даўно не даводзілася чуць ад дырэктара школы, што ў вучнёўскім калектыве ўсе дзеці добра вучацца і прыкладна сябе паводзяць. А вось школьнікаў з Казян кіраўнік установы толькі хваліла. Пры гэтым адзначыла вучаніцу 10 класа Насцю Гарбунову. Чым жа адметная дзяўчынка ад сваіх равеснікаў?
Як адзначалі настаўнікі, яна імкнецца да ведаў, як кажуць, не з-пад палкі. А ёй хочацца пазнаваць больш і больш. Насця не раз удзельнічала ў раённых прадметных алімпіядах .
Напачатку яна дэманстравала добрыя вынікі па біялогіі, потым па замежнай мове. Дзяўчына марыць стаць перакладчыкам, таму і штудзіруе ўзмоцнена нямецкую мову.

З вялікай ахвотай шмат чытае, і , дарэчы, не ў інтэрнэце, як сёння большасць яе равеснікаў, а непасрэдна трымае ў руках яе Вялікасць Кнігу, з задавальненнем перагортвае адну — дзве старонкі, нават у час школьных перапынкаў.
Любоў да кнігі ёй з дзяцінства прывівала маці. Заўзятая аматарка літаратуры, яна ніколі і ніколькі не шкадавала грошай на кнігі, і сёння вельмі шкадуе, што ў самой не хапае часу на чытанне.
Акрамя таго, Насця самастойна навучылася плясці з бісеру, макрамэ. У кожнай яе рабоце не толькі часцінка душы, але і мноства фантазій. Мне давялося бачыць гэтыя рэчы. Праўда, у доме іх не так і многа, бо дзяўчына амаль усе свае вырабы дорыць сябрам, знаёмым. У кожнай з іх — часцінка душы і, вядома ж, шмат фантазіі і арыгінальнасці.
У сям’і Гарбуновых пяцёра дзяцей. Насця – самая малодшая. Цяпер яна першая маміна памочніца па доме. На яе плячах – пакупкі, аплата камунальных плацяжоў, чысціня ў доме, нярэдка і гатаванне ежы, бо бацькі днямі заняты на працы. Мама Насці працуе загадчыцай фермы ў Казянах, даглядае яшчэ групу цялушак. У выхадныя і ў час канікулаў Насцю таксама можна часта бачыць на ферме. Яна не цураецца ніякай работы і не па расказах ведае, што праца на ферме не з лёгкіх.
Калі настаўнікі расказвалі пра Насцю, не маглі не ўзгадаць пра яе любоў да жывёлы, асабліва да коней. З маленства яна асядлала ўсіх, што былі ў хатняй гаспадарцы.
Вось такая яна, звычайная сельская дзяўчынка, добрая вучаніца, рукадзельніца і памочніца бацькам. Бытуе меркаванне, што цяперашняя моладзь, акрамя камп’ютара, нічым не захапляецца. Насця – адваротны таму прыклад.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.