У разгары сезон падлёднай лоўлі рыбы. І калі еду ўздоўж таго ці іншага вадаёма, на лёдзе якога сядзяць рыбаловы, толькі радуюся за людзей, якія свой вольны час ахвяруюць любімаму занятку, а не сноўдаюцца па населеных пунктах у пошуку пляшкі. А вось калі выязджаю з калегамі на азёры дзеля праверкі захавання аматарамі дзеючых правіл рыбалоўства, настрой хутка псуецца. У месцах актыўнага клёву на лёдзе пакінута столькі смецця, аж не верыцца, што там рыбачылі цывілізаваныя людзі.
Асабліва церпіць ад такіх рыбаловаў возера Дрывяты, на якое ў выхадныя прыязджае шмат іншагародніх. Прыкмеціў, што нашы браслаўчане вядуць сябе намнога цывілізаваней, хоць ёсць і сярод іх тыя, хто пакідае пасля сябе горы шкляных і пластыкавых бутэлек, іншага смецця. І ўсё ж больш «пакасцяць» прыезджыя, што пацвярджаецца гэтым здымкам, зробленым у адну з нядзель, якраз пасля таго, як інспекцыяй аховы прыродных рэсурсаў у суботу была праведзена ўборка Дрывят.
Між іншым у правілах вядзення рыбнай гаспадаркі і рыбалоўства напісана, што рыбаловы-аматары абавязаны падтрымліваць у належным санітарным стане рыбалоўныя ўгоддзі, не пакідаць на берагах і лёдзе смецце, не пашкоджваць указальнікі, аншалагі, інфармацыйныя шчыты.
За парушэнне гэтых патрабаванняў дзеючым заканадаўствам прадугледжваецца штраф у памеры да 20 БВ на грамадзян, да 50 — на індывідуальных прадпрымальнікаў і да 300 БВ — на юрасоб.
Дарэчы, за мінулы год за засмечванне навакольнага асяроддзя было пакарана 76 грамадзян, з іх амаль 20 непасрэдна за засмечванне берагавых ліній і вадаёмаў. І ўжо сёлета пакаранне панеслі 5 рыбаловаў, якія пакідалі на лёдзе сметнікі.
Хачу напомніць таксама, што дзеючыя правілы прадпісваюць па заканчэнні тэрміну дзеяння пуцёўкі здаваць яе не пазней за 10 дзён з усімі адпаведнымі адзнакамі. У выпадку невяртання дакумента пры аднакратным парушэнні наступная выдаецца па двайным тарыфе, пры наступных — не выдаецца наогул.
Давайце будзем паважаць правілы, прыроду і саміх сябе.
Іван Тышкевіч, начальнік аддзела аховы прыродных комплексаў
НП «Браслаўскія азёры».
Фота аўтара.