Свая хатка як родная матка

Главное

SAM_2403 (1)У Браслаўскім раёне пачаўся агляд калектываў мастацкай самадзейнасці пад агульнай назвай “Наш дом — Беларусь”, які праводзіць цэнтралізаваная клубная сістэма. Ён будзе праходзіць са студзеня па лістапад бягучага года і паспрыяе развіццю аматарскай мастацкай творчасці на Браслаўшчыне, а таксама захаванню традыцыйнай культуры.
Першым адкрыў агляд 25 студзеня Замошскі сельскі клуб. Праграма, прадстаўленая калектывам мастацкай самадзейнасці ўстановы, прыемна здзівіла ўдалым спалучэннем лепшых беларускіх традыцый і яскравай ігры ўдзельнікаў. Гледачам давялося ўспомніць, як адбываецца пераезд у новую хату, бо на іх суд быў прадстаўлены абрад “Уваходзіны” .
Віталі ўсіх дзве суседкі, якія расказалі пра наваселле і як яно праходзіла ў Івана і Мар’і. Здаўна абрад мае глыбокае псіхалагічнае значэнне: пакаштаваўшы стравы ў пакуль яшчэ незасвоеных прасторах, гаспадары адчуваюць сябе больш камфортна і ўпэўнена. Раней лічылі, што без наваселля дамавік пакідае хату, вырашыўшы, што гаспадары скупяцца. Навасёлаў абавязкова віншавалі родныя, дарылі хлеб ды соль для багацця, а галоўным упрыгажэннем стала быў каравай з гронкамі каліны. У абрадзе прымала ўдзел курыца — птушка ўрадлівасці, якая прадказвала гаспадарам новага дома дабрабыт у сям’і.
Самадзейныя артысты ў вобразах Івана ды Мар’і, радуючыся новаму дому, запрашалі гасцей, якія прыйшлі з віншаваннямі і падарункамі (на здымку). Падкова — каб шчасце ніколі не пакідала дом, салома — калі давядзецца каму-небудзь зваліцца, яна заўсёды павінна быць пад рукой, сальніца з соллю — недасол на стале, перасол на спіне, яйка — каб куры добра несліся, капуста — да дзяцей. Але галоўным падарункам быў абраз Маці Божай — каб усё жыццё засцерагала сям’ю. Добрыя пажаданні гаспадарам новай хаты госці выказалі прыпеўкамі, а Іван і Мар’я падрыхтавалі для забавы традыцыйныя гульні.
Артыстам удалося стварыць адпаведную атмасферу сямейнага свята, а зрабіць гэта дапамаглі спецыяльна аформленыя дэкарацыі і адмысловыя касцюмы. Гледачы не засталіся абыякавымі, яны з вялікай цікавасцю назіралі за падзеямі і былі не супраць паўдзельнічаць у іх.
Падчас абраду гучалі песні, байкі і казкі, напісаныя на аснове мясцовага фальклору. Замошскія самадзейныя артысты шчодра падзяліліся з прысутнымі залацінкамі духоўнай спадчыны.

Вольга Усава, метадыст
цэнтралізаванай клубнай сістэмы.