Алена Барткевіч прыехала ў Казяны па размеркаванні пасля заканчэння Наваполацкага музычнага каледжа. Пачынала сваю працоўную дзейнасць на новым месцы сярод незнаёмых людзей, але вяскоўцы хутка прынялі яе ў сваю вялікую казянскую сям’ю, палюбілі за адкрытасць, дружалюбнасць, шчырасць.
Алене пашанцавала з першым месцам як працы, так і самастойнага жыцця, тым больш што давялося памяняць горад на сельскі населены пункт. Да таго ж і мужа перацягнула з Наваполацка ў Казяны.
На той час у калгасе “Гвардыя”, дзе старшынёй быў Уладзімір Ракель, музычная школа належала гаспадарцы, якая фінансава трывала стаяла на нагах. Калгас са сваёй скарбонкі плаціў заработную плату выкладчыкам, якія вучылі вясковых дзетак ігры на баяне, акардэоне, фартэпіяна, духавых інструментах, прывівалі ім любоў да мастацтва.
Напачатку музычная школа размяшчалася ў памяшканні РДК, а затым пераехала ў новую пабудову. Калгас купіў усё неабходнае для інтэр’ера класаў, новыя музычныя інструменты. Словам, былі створаны ўсе ўмовы для плённых заняткаў музыкай і камфорту. А жадаючых навучыцца іграць было нямала. На першы набор прыйшлі 44 хлопчыкі і дзяўчынкі.
З таго часу мінула амаль тры дзясяткі гадоў, а ў 2014 г. пятнаццатая выпускніца Алены Барткевіч пайшла па яе слядах. Вядома ж, гэта дадае прэстыжу любому педагогу. Яна ганарыцца кожным поспехам свайго юнага музыканта, а такіх нямала. Напрыклад, піяністка Паліна Астапчук на міжрэгіянальных конкурсах юных выканаўцаў у Полацку неаднойчы займала прызавыя месцы. Першыя творчыя перамогі ёсць і на рахунку вакалісткі Машы Фёдаравай.
Выхаванцы з Казян не раз станавіліся прызёрамі і пераможцамі раённых конкурсаў спевакоў.
Па маміных слядах пайшла і дачка Насця. Цяпер яна кіраўнік узорнага хору “Пралескі” ў Віцебску. Выступленне сямейнага дуэта Барткевічаў многія бачылі на розных мерапрыемствах.
А яшчэ Алена – чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Сярод вяскоўцаў карыстаецца аўтарытэтам. І не дзіўна, што ў час апошніх выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў выбаршчыкі Казянскай выбарчай акругі №36 аддалі свае галасы за кандыдатуру Алены Барткевіч. Яна ў першы раз стала дэпутатам, але і да гэтага часу ніколі не адмаўляла вяскоўцам у нейкай дапамозе, а цяпер робіць гэта яшчэ з большай адказнасцю.
Вядома ж, А. Барткевіч не па сіле вырашэнне нейкіх глабальных праблем, але ні адзін зварот сваіх выбаршчыкаў не пакідае без увагі. Вось толькі некалькі прыкладаў.
Пара расіян прыехала на магілу бацькоў, якія пахаваны на мясцовых могілках. Побач пахавана і бабуля, а на яе помніку з-за даўнасці гадоў сцёрты даты нараджэння і смерці. Алена Міхайлаўна па просьбе расіян у архіве змагла адшукаць гэтыя даты, за што пачула шмат слоў удзячнасці. І другі прыклад. Электрыкі, якія абразалі галінкі дрэў у Казянах, не прыбралі іх. А. Барткевіч не змагла змірыцца з такім беспарадкам. Папрасіла дырэктара ААТ “Новая Гвардыя” І. Буяна выдзеліць транспарт, каб прыбраць смецце. Ёсць і яшчэ некалькі прыкладаў, але Алена лічыць іх нязначнымі, каб расказваць.
Не без удзелу дэпутата райсавета па ініцыятыве айца Пятра ў казянскай царкве заспяваў царкоўны хор, за што прыхаджане храма ёй вельмі ўдзячны.
Словам, Алена Барткевіч свая сярод вяскоўцаў. Казяншчына стала роднай для жанчыны, таму і стараецца зрабіць для мясцовых людзей, што па сіле, як чалавек, і як дэпутат.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.