Сістэма збору ўдасканальваецца

Главное

_MG_7997Браслаўчане, мабыць, заўважылі, што на кантэйнерных пляцоўках для збору смецця з’явіліся новенькія боксы, пераважна сіняга колеру. Гэта стала магчымым у выніку пастаяннай дзейнасці ДП “Браслаў-камунальнік” па ўдасканальванні сістэмы паасобнага збору адыходаў і выкарыстання іх у далейшым як другаснай сыравіны. Калі раней нам прапаноўвалі сартаваць змесціва вядра для смецця пераважна на пластык і змяшаныя адыходы, то цяпер да гэтага спісу трывала дадаліся шкло і макулатура – спецыяльныя кантэйнеры ўжо ўстаноўлены на многіх адпаведных пляцоўках.
Па словах начальніка ўчастка добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі горада Станіслава Галіцкага, сродкі на гэтыя мэты ў памеры 70 мільёнаў рублёў выдаткаваў абласны бюджэт. За іх камунальнікі набылі 64 кантэйнеры, якія па меры магчымасцей размяркуюць паміж пляцоўкамі для збору смецця, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці.
З гэтай нагоды варта яшчэ раз нагадаць браслаўчанам, што паасобку сабраныя адыходы – гэта не толькі захаванае навакольнае асяроддзе, але і дадатковая крыніца каштоўнай сыравіны. Таму звяртайце, калі ласка, увагу на кантэйнерныя надпісы, якія тлумачаць, што і куды трэба выкідваць.

Вячаслаў Каладынскі,
фота аўтара.