На мінулым тыдні ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Паляпшэнне даступнасці да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі”, які рэалізуецца Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам (РМЦ) пры падтрымцы USAID у зале пасяджэнняў РАА прайшоў трэнінг па фінансавай граматнасці “Плануй сваю будучыню”.
Мэта дадзенага праекта не толькі пашырыць доступ сельскага насельніцтва краіны да пазыковых грашовых сродкаў, але і павысіць фінансавую граматнасць і развіццё прадпрымальніцкіх навыкаў. Праект, па меркаванні арганізатараў, павінен палепшыць інвестыцыйныя магчымасці ў сельскай мясцовасці, умацаваць ролю мікрапрадпрыемстваў у вытворчых ланцужках, садзейнічаць сельскаму развіццю, паскорыць эканамічны рост уласных прадпрыемстваў і развіццё прадпрымальніцтва, а таксама ўнесці ўклад у павелічэнне даходаў домагаспадарак і ажывіць сельскія абшчыны. Перыяд рэалізацыі праекта — 4 гады, а яго бюджэт складае 1,475 млн долараў.
Разам са старшынёй праўлення РМЦ Ігарам Мікульчыкам і інструктарам трэнінгу ГДА “Віцебскі бізнес-цэнтр” Леанідам Шурам гаспадары сядзіб раёна на прыкладзе ўмоўна створаных сямей вучыліся кіраваць сямейным бюджэтам, тэхналогіям зберажэння і запазычанасці, складаць фінансавыя планы і дасягаць фінансавыя мэты.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.