Менавіта пад такой назвай на мінулым тыдні ў дзіцячай бібліятэцы прайшоў актуальны дыялог. Прысвечаны ён быў, як не цяжка здагадацца, барацьбе з папулярнай у апошні час сярод моладзі курыльнай сумессю, ці, як яе яшчэ называюць, спайсам.
Праблема захаплення моладзі падобнымі наркатычнымі рэчывамі ў апошні час усё больш актуальная для нашай краіны. Да нашага раёна спайс яшчэ не дабраўся, але, як вядома, праблему прасцей папярэдзіць, чым потым яе вырашаць. Пра гэта шмат гаварылі і ўдзельнікі актуальнага дыялога. На яго запрасілі вучняў СШ№2, а ў якасці эксперта выступіў урач-валеолаг ЦРБ Генадзь Швец.
Бібліятэкары ўстановы пазнаёмілі школьнікаў з перыядычнымі выданнямі, у якіх у апошні час усё часцей закранаецца праблема захаплення моладзі курыльнымі сумесямі. А таксама прапанавалі звярнуць увагу на выстаўку “Здаровым быць здорава”, дзе прадстаўлена шмат матэрыялаў пра шкодныя звычкі і метады барацьбы з імі.
Цікавым і пазнавальным было выступленне Генадзя Швяца. Ён расказаў пра згубны ўплыў сінтэтычных наркотыкаў на падрастаючы арганізм. Таксама звярнуў увагу на галоўныя памылкі людзей, якія вераць у тое, што наркотыкі прынясуць ім шчасце, зробяць іх жыццё больш вясёлым і насычаным, але неўзабаве разумеюць, што памыляліся, і далёка не ў кожнага знойдуцца сілы вярнуцца назад да нармальнага існавання. Генадзь Рыгоравіч развеяў міф пра тое, што адзінкавае ўжыванне наркатычных сродкаў не прыводзіць да залежнасці і не наносіць шкоду арганізму падлеткаў. А таксама расказаў, куды ў нашым раёне можна звяртацца па дапамогу, калі чалавек аказаўся ў залежнасці ад наркотыкаў. Дзеці ж з цікавасцю слухалі, актыўна задавалі пытанні. Было бачна, што тэма гэта актуальная, і школьнікаў яна сапраўды хвалюе.
Атрымаўся сапраўдны актуальны дыялог. Напрыканцы вучні атрымалі буклеты па тэме, а таксама паглядзелі відэаролік пра тое, што здараецца з чалавекам пасля ўжывання курыльных сумесей.
Таццяна Пятушка.