Чарговае пасяджэнне прэзідыума райсавета, якое адбылося на мінулым тыдні, пачалося з наведвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там пазнаёміліся з умовамі, якія створаны для яго наведвальнікаў, паглядзелі іх работы, пагутарылі з супрацоўнікамі.
Такі пачатак пасяджэння не быў выпадковым, бо асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, тычылася выканання гэтай установай мерапрыемстваў па рэалізацыі Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011 – 2014 гг.
Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Вольга Вялічка зазначыла, што на ўліку ва ўстанове стаяць 9258 чалавек. Сацыяльнымі паслугамі карыстаюцца 7,8 тысячы. Найбольш запатрабаванай з’яўляецца сацыяльная дапамога дома, якую аказваюць 109 сацыяльных работнікаў у 150 населеных пунктах раёна. Не меншай папулярнасцю карыстаюцца таксама сацыяльна-бытавыя паслугі аднаразовага характару: распілоўка, шчапанне і складванне дроў, рамонт жылых памяшканняў і гаспадарчых пабудоў, апрацоўка прысядзібных участкаў, транспартныя паслугі, мыццё бялізны. Спектр аказваемых паслуг пастаянна пашыраецца. Калі ў пачатку 2013 года іх было 37, то на цяперашні час – 75.
У мінулым годзе, каб забяспечыць даступнасць абслугоўвання жыхарам сельскіх аддаленых населеных пунктаў, укаранёны новыя формы сацыяльнай работы: брыгада сацыяльнага абслугоўвання на мабільнай аснове, гаспадарчая брыгада, створаны 10 сацыяльных пунктаў. Знайшлі сваё ўвасабленне і такія формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян і інвалідаў, як дамы зімоўкі, сумеснага пражывання, патранатная, гасцявая, прыёмная сям’я.
У цэнтры функцыянуюць 2 пункты пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Той, хто мае патрэбу, атрымлівае тут інвалідныя каляскі, прыпасцельныя столікі, поручні для ваннай і туалета, хадункі. Сёлета такімі сродкамі забяспечаны 36 чалавек.
У гэтым годзе таксама 275 непрацаздольным грамадзянам, якія аказаліся ў нялёгкай жыццёвай сітуацыі, аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на суму 88,8 млн. руб.
Па словах Вольгі Вялічка, для бяспечнага жыцця пажылых, устаноўлены 62 аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, у 6 домаўладаннях зроблены рамонт электраправодкі. Значную дапамогу аказваюць супрацоўнікі цэнтра ветэранам, удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, вязням.
Асобна хочацца сказаць пра аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Тут створаны камфортныя ўмовы для баўлення вольнага часу: ёсць трэнажоры, пакой для рэлаксацыі, працуюць 9 гурткоў, 4 клубы па інтарэсах, камп’ютарны клас, міні-паліграфічная майстэрня і майстэрня па раслінаводстве, выязны спартыўны клуб для інвалідаў пры ДЮСШ.
Паспяхова рэалізуюцца ў цэнтры і міжнародныя гуманітарныя праекты сацыяльнага накірунку, ёсць і новыя на перспектыву, якія чакаюць свайго часу.
Словам, супрацоўнікі цэнтра імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб пажылыя людзі, інваліды не адчувалі сябе абдзеленымі ўвагай, адзінокімі і нікому не патрэбнымі, дапамагаюць ім у нялёгкіх жыццёвых сітуацыях.
Аднак усё гэта немагчыма было б ажыццявіць без цеснага супрацоўніцтва з многімі арганізацыямі і ўстановамі горада, грамадскімі аб’яднаннямі, каталіцкім таварыствам “Карытас” і інш. Вольга Вялічка шчыра дзякавала ўсім ім за разуменне і падтрымку.
З выступлення Вольгі Вялічка і таго, што на свае вочы пабачылі ўдзельнікі прэзідыума райсавета, добра зразумела, што дзверы тэрытарыяльнага цэнтра адкрыты для ўсіх, каму патрэбна дапамога. Тут дапамогуць не толькі матэрыяльна, але і паверыць у сябе, наладзіць адносіны з іншымі людзьмі і з навакольным светам.
Падводзячы вынікі размовы, старшыня райсавета Ніна Пучынская падзякавала супрацоўнікам тэрытарыяльнага цэнтра за іх душэўную цеплыню, цярплівасць, нераўнадушнасць да чужых праблем, пажадала ім далейшага цеснага супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі службамі ў стварэнні камфортных і псіхалагічна добрых умоў для адзінокіх, пажылых людзей, для тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Яна падкрэсліла, што сучасная сацыяльна-дэмаграфічная сітуацыя ў раёне, як і ў краіне ў цэлым, характарызуецца старэннем насельніцтва, следствам чаго з’яўляецца штогадовае павелічэнне колькасці грамадзян, якім патрабуецца сацыяльнае абслугоўванне. А па тым, як у грамадстве клапоцяцца пра такую катэгорыю людзей, судзяць увогуле пра ўладу. Таму ні ў якім разе нельга апускаць тую планку, якая ўзята ў гэтым накірунку ў нашым раёне.
Зінаіда Палулех.
На здымку: удзельнікі пасяджэння прэзідыума райсавета ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Фота аўтара.