Малады гаспадар зямлі сваёй

Люди

IMG_4227 (Small)“Набыць зямлю, прыдбаць свой кут,”— гэтыя вядомыя словы галоўнага героя з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” нам вядомыя са школы. Але сёння далёка не ўсе падзяляюць запаветную мару Міхала. У сучасны імклівы час моладзь у сваёй большасці імкнецца пакарыць вялікія гарады з іх зручнымі высоткамі і тэхнічнымі навінкамі. Ды і ніхто не кажа, што гэта няправільна ці дрэнна. У кожнага свае мэты, свой шлях. Галоўнае, каб жыццёвая дарога прыносіла задавальненне.
Яшчэ са школьных гадоў Уладзіслаў Кароль акрэсліў для сябе асноўныя прыярытэты. Адзін з іх — жыць у вёсцы. Любоў да прасторы і абшараў перайшла хлопцу ў спадчыну ад бацькоў, якія ўжо 25 гадоў займаюцца сельскай гаспадаркай і жывуць пладамі рук сваіх. Ды і сын з дзяцінства не цураўся цяжкай працы на зямлі.
Сядзібу ў Лявошках вялікай дружнай сям’і немагчыма не заўважыць, бо да іх гасцінна запрашае шыльда з надпісам “агуркі, памідоры”, ды і дахі доўгіх цяпліц прыцягваюць да сябе ўвагу.
Але гэта не самыя вялікія. Крыху воддаль аж 20 сотак зямлі агароджаны драўляным каркасам. Вось гэта і ёсць агароднае раздолле маладой сям’і Кароль. Пакуль што без плёнкі, з вяроўкамі, якія звісаюць з перамычак, пячуркамі, якім, здаецца, тут не месца, цяпліца выглядае сіратліва — зямля адпачывае. Але ненадоўга.
— Самы напружаны перыяд сезона, — тлумачыць гаспадар, — пачынаецца ў лютым. Нацягваем плёнку, цеплім пячуркі. Спачатку ў цяпліцы вырошчваем радыску, салату, затым надыходзіць час для расады памідораў і агуркоў.
Так паступова вялікі кавалак зямлі пачынае буяць разнастайнай зелянінай. А колькі ж працы для гэтага трэба прыкласці!
Дарэчы, на такое збудаванне патрабуецца 8 рулонаў плёнкі, а 12 печак, якія абаграваюць цяплічныя расліны, за сезон “з’ядаюць” 7 рэйсаў дроў. У мінулым сезоне гаспадары рэалізавалі 20 тыс. штук памідораў расадай, а на плады выпесцілі 6 тыс. ды і агуркоў 1 тыс. Толькі на падвязку раслінных гадаванцаў было зрасходавана 25 км шпагату.
На маё нямое пытанне энергічны прыветлівы гаспадар адказаў без ценю суму і асуджанасці:
— Безумоўна, не ўсё так проста. Летам устаю ў 3 гадзіны, а спаць кладуся каля апоўначы.
І гэта пры тым, што прыбытак у такой справе адразу ніяк не атрымаеш. Спачатку некалькі гадоў трэба ўкладваць грошы, метадам спроб і памылак набываць практычныя веды агародніка, знаходзіць рынак збыту. Пагадзіцеся, толькі ўпартаму, мэтанакіраванаму чалавеку, якім і з’яўляецца Уладзіслаў, такое па сіле.
У кароткі перапынак міжсезоння У. Кароль таксама не сядзіць без справы. За чатыры гады непадалёк ад роднага котлішча з дапамогай бацькі ён пабудаваў прыгожы драўляны, бы казачны, дом з сучаснымі зручнасцямі.
Больш за пяць гадоў побач з Уладзіславам па жыццёвай дарозе ідзе яго жонка Юлія — надзейная апора і памочнік ва ўсіх пачынаннях. Гледзячы на гэтую зграбную прыгожую жанчыну, ніколі не падумаеш, што яна маці трох цудоўных дзетак. На яе плечы ўскладзены спрадвечны абавязак цудоўнай паловы чалавецтва — ахова сямейнага ачага і выхаванне маленькіх гарэз. Да таго ж яна разам з мужам завіхаецца ў вялікай цяпліцы. І без шкадавання цішыню і спакой бібліятэкі Юлія змяніла на вялікую сям’ю і царства агародніны.
Можа здацца, што маладая сям’я жыве адной працай і свету божага не бачыць. Зусім не. Зацікаўлены, энергічны і ўсебакова развіты чалавек шмат паспявае зрабіць у сваім жыцці.
З дзяцінства Уладзіслаў захоплены рамантыкай падарожжа. Яшчэ вучнем гімназіі ён разам з настаўнікам Крапом і іншымі аматарамі прыгод ступіў на зямлю Кольскага паўвострава. Потым, працуючы гісторыкам у Слабодкаўскай школе, не шкадаваў уласных сродкаў на дарагую турыстычную амуніцыю, каб потым выправіцца з вучнямі ў паход ці на турзлёт. Дарэчы, і сёння пры сваім шчыльным графіку больш па клічы душы, чым за грошы, настаўнік вядзе ў школе турыстычны гурток.
З будучай жонкай Уладзіслаў пазнаёміўся падчас веласіпеднай вандроўкі ў Адэсу. Доўгая складаная дарога да “жамчужыны ў мора” трывала звязала юнацкія сэрцы. Дзеткі таксама неаднойчы дзялілі з бацькамі паходную “кашу”. Трэба сказаць, што сваіх цудоўных гарэз Уладзіслаў і Юлія выхоўваюць у веры і любові, але пры гэтым з дзяцінства прывучаюць да самастойнасці і асэнсаванага выбару ва ўсім.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.