Школьныя дні ў СШ №2 заўсёды насычаны цікавымі выхаваўчымі мерапрыемствамі. Вось і нядаўна адбылося тэматычнае пасяджэнне савета піянерскай дружыны “Вясёлка” імя З. Партновай. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне нам хацелася сустрэцца з відавочцамі і сучаснікамі тых жудасных падзей, каб ведаць і помніць усіх, хто змагаўся з ворагамі і здабыў для будучых пакаленняў магчымасць шчасліва жыць у вольнай краіне.
На сустрэчу мы запрасілі паважаных людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, – Алену Угарэнка і Гардзея Кірчанку. Сустрэча адбывалася ў прыемнай атмасферы з гарбатай і салодкімі прысмакамі. Госці расказалі нам пра сваё цяжкае дзяцінства ў ваенныя гады, падзяліліся трагічнымі момантамі жыцця. Іх успаміны немагчыма было слухаць без слёз на вачах.
На сённяшні дзень Гардзей Кірчанка займае пасаду старшыні праўлення Беларускай раённай асацыяцыі малалетніх вязняў вайны, Алена Угарэнка – пасаду сакратара раённага савета былых малалетніх вязняў фашызму. Таксама нам было цікава даведацца пра іх сучаснае жыццё, хобі. Алена Іосіфаўна запрасіла нас у госці на майстар-клас па вышыванні і вязанні і паабяцала абавязкова навучыць такому цікаваму майстэрству. Гардзей Сяргеевіч пажадаў піянерам і надалей імкнуцца да ведаў, бо сам па сённяшні дзень не перастае вучыцца, вельмі шмат чытае.
Сустрэча з такімі паважанымі гасцямі стала для кожнага з нас выхаваўчым урокам, каб цаніць жыццё, блізкіх людзей. Нас здзівілі іх бязмерная жыццеўстойлівасць, незгасальны аптымізм, дабрыня і жыццёвая мудрасць, таму напрыканцы сустрэчы мы з вялікай павагай уручылі гасцям кветкі і падзякавалі за такую пазнавальную і цікавую гутарку.
Настасся Яроцкая,
старшыня савета піянерскай дружыны “Вясёлка” ім. З. Партновай.
Фота ё.