У поўнай гатоўнасці

Главное

IMG_4353 (Small)Прайшло не так ужо многа часу, калі мы ўпершыню пачулі новае пужаючае слова СНІД. Спачатку ўсе былі ўпэўнены, што гэтае жудасная смяротная хвароба існуе дзесьці далёка — за акіянам. Але не паспела чалавецтва, як кажуць, і вокам міргнуць, як СНІД сямімільнымі крокамі пачаў шпацыраваць па ўсёй планеце.
Бадай, толькі перасталі ўздрыгваць пры гэтым слове і крыху прызвычаіліся да жахлівага суседства, як звалілася не менш жахлівая ліхаманка Эболы.
На шчасце, на тэрыторыі нашай краіны гэтае захворванне не зарэгістравана, тым не менш беларускія медыкі сур’ёзна і грунтоўна рыхтуюцца да пазаштатных сітуацый.
У аўторак на базе раённай бальніцы прайшлі трэніровачныя вучэнні па аказанні медыцынскай дапамогі і правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у выпадку выяўлення асоб з сімптомамі ліхаманкі Эбола.
Мэтай мерапрыемства з’яўляецца адпрацоўка ўзаемадзеяння паміж рознымі звёнамі аховы здароўя, зацікаўленымі службамі і ведамствамі пры выяўленні хворых з падазрэннем на ліхаманку Эбола.
Па легендзе, у службу “Хуткай дапамогі” паступіў выклік ад пацыента са скаргай на высокую тэмпературу цела, моцныя галаўныя і мышачныя болі, рвоту з прымессю крыві.
Супрацоўнікі бальніцы, РЦГіЭ, ізалятара пры падлеткавым супрацьтуберкулёзным цэнтры, РАУС і РАНС адпрацавалі алгарытм дзеянняў у выпадку такой надзвычайнай сітуацыі.
Усе службы дзейнічалі дакладна і зладжана, што сведчыць пра іх грунтоўную падрыхтоўку і трывалыя веды па тэме. Застаецца спадзявацца, што іх уменні і навыкі ў гэтым накірунку ніколі не спатрэбяцца.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Супрацоўнікі “Хуткай дапамогі” падчас вучэнняў.