І брыкеты, і дровы застаюцца запатрабаванымі

Главное

IMG_4377 (Small)Апошнім часам на Браслаўшчыне ў вялікіх маштабах ідзе газіфікацыя ўсё новых населеных пунктаў прыродным газам. І дровы, брыкет, якія заўжды былі запатрабаваны ў насельніцтва, павінны адыходзіць на другі план.
Наколькі зараз цвёрдае паліва карыстаецца попытам у спажыўцоў раёна, карэспандэнт газеты Алена Пятушка пацікавілася ў дырэктара райпалівазбыту Аляксандра Рабкова.
— Нягледзячы на газіфікацыю нашага раёна, паведаміў Аляксандр Пятровіч, — мы з поўным напружаннем працуем па забеспячэнні насельніцтва цвёрдым палівам. Усе заяўкі выконваюцца на 100%. Аднак з прыходам прыроднага газу арганізацыя “згубіла” 1366 домаўладанняў, што знізіла аб’ём рэалізацыі торфабрыкету ў параўнанні з мінулым годам на 16 %, а вось дровы сталі больш запатрабаванымі.
Звычайна попыт на мясцовае паліва, адзначыў А. Рабкоў, рэзка павышаецца паралельна з паніжэннем тэмпературы паветра. Тым не менш, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з сельсаветамі, пераважная большасць планаванага брыкету і дроў ужо адпраўлена спажыўцам.
— Так, за 9 месяцаў бягучага года, — кажа А. Рабкоў, — мы паставілі па датацыйнай цане 6835т торфабрыкету і 2372 кубаметры дроў, што дало нам магчымасць за адпаведны перыяд спрацаваць з прыбыткам у 136 млн руб. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла нам набыць бензапілу і трактарны прычэп.
Значна павялічыліся датацыйныя сродкі, сёлета яны складаюць 3653 млн руб. Клапоцячыся пра цяпло ў дамах сваіх спажыўцоў, мы зрабілі яшчэ і дадатковую заяўку на суму 300 млн руб. Паколькі раённая ўлада ідзе нам насустрач, спадзяёмся, што гэтыя сродкі ў хуткім часе паступяць на наш рахунак.
— Паколькі вы закранулі тэму дзеючых цэн, скажыце, калі ласка, якія яны на сённяшні дзень, і ці існуюць нормы выдзялення паліва па датацыйнай цане?
— Ільготная катэгорыя грамадзян купляе торфабрыкет да 105 тыс. руб. за тону, дровы — да 33 тыс руб. за кубаметр, па рознічнай цане торфабрыкет рэалізуецца да 210 тыс. руб., дровы — да 66 тыс. На адно домаўладанне па фіксаванай цане раз у год выдзяляецца ці 3,5т торфабрыкету, ці 4,9 кубаметра дроў — адзін варыянт з двух.
— Акрамя жыхароў, вы забяспечваеце палівам установы і арганізацыі. Якая сітуацыя па гэтай катэгорыі спажыўцоў?
— У дзіцячыя сады, школы, установы аховы здароўя, іншыя арганізацыі сацыяльнага прызначэння адгрузку пачынаем у першую чаргу і за 9 месяцаў ім паставілі 1693т торфабрыкету і 133 кубаметры дроў. Гэта нашы пастаянныя кліенты, з якімі працуем не адзін год, таму склаліся добрыя партнёрскія ўзаемаадносіны.
— А з пастаўшчыкамі?
— За 9 месяцаў нацыянальны парк паставіў нам 1707 кубаметраў дроў і 855 завёз “Белкокслат”. Несумненна, пытанні па пастаўках і якасці прадукцыі ўзнікаюць, аднак найбольш вострыя праблемы ўдаецца вырашыць заўжды. Торфабрыкет жа пастаўляем самастойна з мясцовага завода. Дарэчы, ў нас самыя нізкія цэны на перавозку балотнага паліва па Віцебскай вобласці.
— Аляксандр Пятровіч, скажыце калі ласка, некалькі слоў пра калектыў.
— У цэлым поспех прадпрыемства залежыць ад кожнага члена калектыву. Усе ўносяць пасільны ўклад у агульную справу. Хочацца адзначыць вадзіцеля Івана Кажару, трактарыста Часлава Канаўку, раскрыжоўшчыка Веніяміна Шпяца. Дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву, імкнёмся аператыўна задавальняць патрэбы гаспадароў у паліве.
На гаспадарчым двары райпалівазбыту пануе напружаны рабочы рытм. Паралельна ідуць раскрыжоўка дроў, іх пагрузка на аўтамашыны і трактары. Праходзіць невялікі адрэзак часу, і яшчэ некалькі домаўладанняў атрымліваюць паліва на зіму.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
На распілоўцы дроў шчыруе В. Шпец.