Таленавітая жанчына і клапатлівая маці

Главное

IMG_6146 (Small)Бывае, што ў адным чалавеку збіраецца столькі талентаў і захапленняў, што проста дзіву даешся. Нядаўна мне пашанцавала пазнаёміцца з такой асобай. Прыгожая, заўжды вясёлая і прыветлівая жанчына з нязвыклым для нашых мясцін імем Ціна жыве ў агр. Казяны.
Знайсці яе дом было лёгка. Сонечнага колеру, ён цалкам адпавядае характару маладой гаспадыні. Яна такая ж яркая і пазітыўная, адкрытая ў зносінах з людзьмі. Менавіта таму час нашай гутаркі праляцеў імгненна.
Незвычайнае імя Ціна, якое ў мяне выклікала здзіўленне, аказалася звыклым для тых мясцін, з якіх жанчына родам. Сям’я яе да 2001 года жыла ва ўкраінскім г. Першамайску. Ціна пасля школы школы пайшла вучыцца на хіміка-лабаранта. Магчыма, так і засталася б жыць ва Украіне, але ў той час зачыняліся многія заводы і ўстановы. Бацькам было складана знайсці работу, а грошы былі патрэбны: падрасталі дзеці. І тады сям’я вырашыла пераехаць у Беларусь, на Браслаўшчыну.
Пэўныя цяжкасці, праўда, напачатку былі і тут. Некаторы час не было свайго жылля, прапіскі, таму мара Ціны вучыцца далей не змагла споўніцца. Аднак дзяўчына з дзяцінства не баялася ніякай работы і пайшла працаваць у мясцовую гаспадарку даяркай. Руплівую работніцу кіраўніцтва заўважыла амаль адразу і пазней прызначыла спачатку асемянатарам, а потым загадчыцай фермы.
У Казянах дзяўчына знайшла і сваё каханне. Мясцовы хлопец Віталь не мог не заўважыць прыгожую вясёлую Ціну. Маладыя хутка сыгралі вяселле і вось ужо 11 гадоў жывуць душа ў душу.
У сям’і яна не проста маці, а выхавацель, гаспадыня, захавальніца сямейнага ачага. Сама Ціна вырасла ў шматдзетнай сям’і, таму марыла пра вялікую сям’ю.
Першым на свет з’явіўся Арцём, яму зараз 9 гадоў, праз два гады — Данііл, а пазней лёс падарыў бацькам прыгажуню-дачушку Настассю.
— Мацярынская праца, магчыма, не вельмі прыкметная, аднак без перабольшвання яна самая галоўная ў свеце, — з усмешкай зазначае Ціна. — Быць мамай — вялізная адказнасць за будучае жыццё, здароўе і дабрабыт новага чалавека.
Увогуле Ціна кажа, што “трымаць” сям’ю навучылася ў мамы, гэтыя ўрокі карысныя для сваіх малых. Выдала сакрэт, што мараць з мужам яшчэ пра адно дзіця.
Паміж сям’ёй, работай, а працуе Ціна прадаўцом у мясцовым магазіне, яна яшчэ знаходзіць час на свае захапленні. А іх у шматдзетнай маці шмат.
Жанчына спрабуе пісаць вершы і песні, у асноўным лірычныя, прасякнутыя тэмай кахання, ролі маці. Дарэчы, уласных песень у Ціны каля 20, вось толькі выконвае яна іх пакуль для родных і знаёмых.
А цудоўны голас ёй дастаўся ад маці. Упершыню на сцэну дзяўчынка выйшла ў шасцігадовым узросце ў родным г. Першамайску. Калі пераехалі на Браслаўшчыну, жанчына актыўна ўключылася ў культурнае жыццё Казянскага СДК, удзельнічала ў раённых песенных конкурсах. Зараз упрыгожвае сваім голасам канцэрты, якія ладзіць райпа, а яшчэ другі год спявае першым голасам у Казянскім царкоўным хоры.
Любоў да музыкі і добры голас перадаўся і дзецям. Арцём і Данік вучацца ў музычнай школе, ужо маюць некалькі маленькіх перамог.
А яшчэ Ціна любіць гатаваць, шые, сама навучылася рабіць стрыжкі, прычоскі, манікюр і нават абутак рамантаваць. А таму што ў Казянах не працуе КПП, мясцовыя жыхары па-сяброўску звяртаюцца па дапамогу да жанчыны.
Яшчэ адно захапленне Ціны — кветкі. Іх многа і ў хаце, і на вуліцы. Калі заходзіш у двор яе дома, адразу бачна, што тут жыве сапраўдная гаспадыня. Радуюць вока клумбы, а з кветніка выглядаюць розныя фігуркі. Яна галоўны дызайнер, а дзеці і муж дапамагаюць увасобіць ідэі. Дарэчы, Віталь — таксама творчы чалавек. Ён любіць працаваць з дрэвам, сам адрамантаваў хату, пабудаваў лазню і альтанку.
Увесь вольны час сям’я Федзічкіных праводзіць разам. Ёсць у іх і агульнае захапленне: вечарам яны абавязкова разам збіраюцца, дзеляцца навінамі за дзень і глядзяць якую-небудзь кінастужку.
Ціна прызнаецца, што яна шчаслівы чалавек. У яе цудоўная сям’я, як пра прадаўца пра яе добра адгукаюцца мясцовыя жыхары, ёсць любімыя захапленні. А што яшчэ патрэбна для шчасця.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.