За час работы ў райгазеце давялося пачуць шмат сумных і трагічных успамінаў людзей, якія прайшлі праз смяротнае полымя вайны. І кожнае такое апавяданне пякучай плямай застаецца на сэрцы, і некалькі дзён ад пачутага цяжка знайсці супакаенне. Але добра разумеючы, што жывыя сведкі тых крывавых падзей, на жаль, пакідаюць гэты свет, спяшаюся запісаць яшчэ адзін жудасны ўспамін.
Вось і ўраджэнцы в. Аколіца былой настаўніцы Замошскай школы Алене Угарэнка лёс наканаваў разам з сям’ёй перанесці цяжар прыгнёту польскіх анямечаных гаспадароў і адчуць ледзяны подых смерці ў канцлагеры Штутгаф.
У кастрычніку 1943 года сям’я каваля Іосіфа Бурэля з жахам у сэрцы пакінула роднае паселішча і з іншымі землякамі выправілася ў пакутніцкі шлях. На той час дзяўчынцы Алене было восем гадоў, але жудасныя падзеі жыцця, якое магло абарвацца ў любую хвіліну, назаўсёды да дробязей засталіся ў яе памяці.
На чужыне
Спачатку людзей сабралі каля будынка тубсанаторыя, дзе знаходзілася гета. Безумоўна, у такім месцы добрыя думкі ў галаву не прыходзяць. Многія ў роспачы спрабавалі ўцячы, але іх даганяла нямецкая куля. Далей у таварняку гаротнікаў павезлі на пакуты. У кожным вагоне было столькі людзей, што нават усе і сесці не маглі. Адпачывалі па чарзе. Невыносная стомленасць, голад, пранізлівы вецер і жах за будучыню трымалі кожнага на мяжы з вар’ятствам. Дзяўчынцы і яе родным пашанцавала даехаць да месца прызначэння здаровымі.
— У польскім горадзе, — расказвае пра сваё працоўнае размеркаванне Алена Іосіфаўна, — была так званая біржа працы, куды дапускаліся толькі здаровыя людзі. Кволых і хворых некуды адводзілі, і іх больш ніхто не бачыў.
І такіх вось “кірмашоў” для захопленых рабоў на акупіраваных фашыстамі тэрыторыях існавала нямала. Практычныя і педантычныя немцы вельмі строга падыходзілі да адбору працоўнай сілы: усіх распраналі, застаўлялі мыцца пад халодным душам, а потым уважліва аглядалі. І, думаю, няцяжка здагадацца, які лёс чакаў непатрэбных рабочых.
Сям’ю Бурэль купіла польская пані, якой быў патрэбны ў гаспадарцы каваль. Так беларусы трапілі ў вялікі прыгожы маёнтак, які іх зусім не радаваў. Для бацькоў і 14-гадовага брата працы ў заможнай гаспадыні хапала з лішкай, а дзяўчынцы дазвалялася больш-менш свабодна перамяшчацца па гаспадарскім падворку.
Не ўсе немцы былі фашыстамі, што пацвярджае і мая суразмоўца. Польская пані не надта здзекавалася над сваімі парабкамі, нават запрасіла аднойчы для хворай Алены ўласнага ўрача. Тым не менш пакаранне, у тым ліку смяротнае, чакала за любую правіннасць.
— Працавалі ў маёнтку таксама замежныя і рускія ваеннапалонныя, — працягвае ўспамін А. Угарэнка. — З набліжэннем фронту французам жылося лягчэй, бо яны атрымоўвалі гуманітарную дапамогу, невялікімі шакаладкамі частавалі і мяне, а рускім — значна горш.
Канцлагер Штутгаф
Усё бліжэй чуліся гукі кананады перамогі. Усюды мітусня, неразбярыха. Фашысты, як той паранены звер, адчуваючы сваю пагібель, гатовы былі загінуць толькі разам са сваімі ахвярамі.
Сям’я Бурэль трапіла ў людскі паток, які немцы гналі невядома куды. Некалькі сутак яны рухаліся па замерзламу заліву Балтыйскага мора. Дзяўчына трапіла ў расколіну і прамачыла ногі, і гэты шлях з хворым дзіцём на руках стаў сапраўдным выпрабаваннем.
Затым былі незнаёмыя мястэчкі і гарады. Неаднойчы палонныя спрабавалі вырвацца з натоўпу і схавацца. Ды кожны раз “чорныя шынялі” знаходзілі гаротнікаў і вярталі ў калону.
Колькі так працягвалася А. Угарэнка добра не памятае, а вось непрыемны спецыфічны пах у паветры, ад якога ў многіх вязняў валасы на галаве дуба сталі, кажа, што адчувае і сёння.
— Першае, што ўбачылі, — сумна ўздыхае А. Угарэнка, — чорныя дымныя коміны і ахоўныя вышкі.
Як жахлівае папярэджанне з варот лагера насустрач вязням выехалі дзве павозкі, у якіх да самага верху ляжалі чалавечыя целы. Да сённяшняга часу Алена Іосіфаўна памятае доўгія русыя валасы нейкай дзяўчыны, што звісалі да самай зямлі.
Такімі злавеснымі малюнкамі ў лютым 1945 года вязняў сустрэў канцлагер Штутгаф, які знаходзіўся каля вусця Віслы на беразе Балтыйскага мора.
Сям’я размясцілася ў першым бараку. Разам з імі знаходзіліся вязні са шматлікіх краін. Смерць тут была паўнаўладнай гаспадыняй. Мёртвых проста выносілі на вуліцу, а крэматорыі працавалі без перапынку. Месца загінулых адразу займалі іншыя. Кармілі раз у дзень цёмнай падсоленай вадкасцю, за вадой чаргу займалі з вечара. Сям’ю выратавала тое, што маці Алены Іосіфаўны змагла напрасіцца працаваць у цяпліцы каля лагера. Там кармілі лепш, і жанчына магла што-небудзь прынесці родным.
Але нават у такіх жудасных умовах людзі не гублялі чалавечае аблічча. Дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся беднай ежай ці глытком вады.
Калі тэрыторыю лагера пачалі бамбіць, дзіўна, кажа А. Угарэнка, але вязні радаваліся, хоць і крыўдна было загінуць ад рук вызваліцеляў.
Прайшло доўгіх 70 гадоў, але да сённяшняга часу былы вязень уздрыгвае ад нечаканых у цемнаце аўтамабільных фар, якія нагадваюць ёй пражэктары канцлагера.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.